Віды на перспектыву ў развіцці мае Ельскі кансервавы завод

Новости Ельщины Общество Предприятия

Нядаўна Ельскі кансервавы завод атрымаў другое жыццё: дзякуючы рашэнню кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама быў далучаны да эксперыментальнай базы «Крынічная». І зараз завод пашырае пастаўкі і шукае новыя рынкі збыту сваёй прадукцыі.

Гісторыя кансервавага завода ў Ельску бярэ свой пачатак у 1950 годзе, калі былі адкрыты два цэхі: кандытарскі і безалкагольных напояў. З цягам часу вытворчасць пашыралася, мадэрнізавалася, асвойваліся новыя рэцэптурныя формулы, уво-дзіліся сучасныя тэхналогіі. У пачатку 90-х гадоў былі асвоены зусім новыя для завода віды прадукцыі: сокі фруктовыя і агароднінныя на аснове пюрэ.
Каб ісці ў нагу з перадавымі тэхналогіямі, у 2004 годзе прадпрыемства пачало тэхнічнае пераўзбраенне: была набыта лінія па перапрацоўцы і кансерваванні зялёнага гарошку, а ўжо ў 2009 годзе завод змог пахваліцца новай набытай італьянскай лініяй па вытворчасці плодаагародніннага пюрэ з наступным асептычным захоўваннем для выпуску сокаў з мякаццю, якая дала магчымасць прадпрыемству вырабляць прадукцыю ў міжсезонны перыяд.
Аднак у пэўны момант эканамічны дабрабыт прадпрыемства пахіснуўся, і з году ў год становішча толькі пагаршалася. Сітуацыю выратавала далучэнне да эксперыментальнай базы «Крынічная».
Намеснік дырэктара па цэху кансервацыі Генадзь Радучыч упэўнены: калі б не далучэнне да эксбазы, завод зачыніўся б. А зараз вынікі сумеснай працы відавочныя: кіраўніцтва прадпрыемства зацікаўлена ў прадуктыўнасці, таму забяспечваюць поўную загрузку завода. Сыравіна, тара для кансервацыі і неабходныя цукар, спецыі, воцат – усё гэта закупляецца, каб цэх не стаяў. Акрамя гэтага, відавочным плюсам далучэння стала павышэнне заработнай платы на 60%, і цяпер яна складае каля 900 рублёў.
У планах – устанавіць лінію па замарозцы агародніны, што дасць магчымасць у міжсезонне павялічыць загрузку цэха. Тэхнічнае пераўзбраенне дазволіць павялічыць прадукцыйнасць працы і стварыць новыя працоўныя месцы.
Асноўным жа відам дзейнасці застаецца перапрацоўка зялёнага гарошку, адзначыў Генадзь Радучыч. Пры гэтым кіраўнік падраздзялення робіць акцэнт на немалаважным факце: у краіне ў дадзены момант функцыянуюць усяго толькі пяць вытворцаў-перапрацоўшчыкаў зялёнага гарошку. Гэта значыць, што Ельскі кансервавы завод складае годную канкурэнцыю не толькі імпартным вытворцам, але і айчынным.
Што тычыцца фруктовай перапрацоўкі, то яе асноўны напрамак – яблык. Зараз нарыхтавана каля 127 тон яблычнага паўфабрыката.
– У дзень на заводзе перапрацоўваецца да 15 тон яблыкаў. Сярэднесутачная ж перапрацоўка гарошку складае 12 тон, калі пераводзіць у слоікі, то гэта 30 – 35 тысяч слоікаў у суткі аб’ёмам 0,45 літра, – тлумачыць Генадзь Мікалаевіч.
Выраб якаснага і смачнага прадукту – першачарговая задача любога перапрацоўчага прадпрыемства аграпрамысловага комплексу. Але проста вырабіць – мала, важна прадаць свой тавар.
– Мы не хочам працаваць «на склад», – тлумачыць начальнік вытворчасці цэха кансервацыі прадукцыі Анастасія Бычкоўская. – Таму нейкай прадукцыі вырабляецца больш, нейкай – менш. Гэта вынікае са спажывецкага попыту. Напрыклад, пры правядзенні маніторынгу рынку мы высветлілі, што вялікім попытам карыстаюцца салянка, абедзенныя закускі. Асартыментны пералік прадукцыі цэха кансервацыі эксперыментальнай базы «Крынічная» налічвае больш за 25 найменняў. Асноўныя спажыўцы прадукцыі цэха кансервацыі – дзіцячыя садкі, школы, установы грамадскага харчавання, установы аховы здароўя і сацыяльнай сферы.
Акрамя продажу ў Беларусі, у кансервавага завода ёсць пэўныя напрацоўкі на будучыню, напрыклад, наладзіць супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, адзначылі на заводзе.
– У нас ёсць перавага: для вырабу прадукцыі мы выкарыстоўваем толькі натуральную сыравіну без дадання якіх-небудзь кансервантаў. Дзякуючы сістэме кантролю якасці мы гарантуем экалагічную чысціню прадуктаў, – падкрэслівае Анастасія Бычкоўская.
Будзем спадзявацца, што планы прадпрыемства спраўдзяцца, бо яны апраўданыя: беларускія тавары могуць скласці годную канкурэнцыю імпартным.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *