У III Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі, які нядаўна прайшоў у Мінску, прынялі ўдзел прадстаўніцы Ельскага раёна – юная казачніца з Ельска Мальвіна Сачанка і вопытная казачніца з Санюкоў Людміла Глухатарэнка.
Што можна расказаць пра казкі, спытаецеся вы? Кожны з нас на іх вырас. Еў пад «Церамок», засынаў пад «Гусі-лебедзі». Ну, ці пад чароўныя вусныя казкі, якія ведала толькі бабуля. Толькі ў залежнасці ад геаграфіі гэтыя казкі былі рознымі.
Сучаснасць і будучыню казак – народных і аўтарскіх – абмяркоўвалі на III Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі, у якім прымалі ўдзел навукоўцы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Эстоніі. Акрамя таго, на мерапрыемстве спаборнічалі ў расказванні казак майстры казачнага слова з усёй Беларусі, у тым ліку і нашы зямлячкі.
– Цікава было ў чарговы раз прымаць удзел у такім мерапрыемстве, – падзялілася сваімі думкамі вопытная казачніца Людміла Глухатарэнка з вёскі Санюкі. – Для ўдзельнікаў былі падрыхтаваны выставы кніжак з казкамі, ілюстрацый па матывах народных казак, можна было пагаварыць з казачнікамі з розных рэгіёнаў Беларусі. З некаторымі мы ўжо сустракаліся на папярэднім форуме. Гэта былі ў большасці людзі сталага веку, якія дасканала ведаюць казкі, легенды, таму могуць выканаць старажытныя песні дакладна так, як гэта рабілася ў далёкія часы. Сёлета я расказвала казку «Як ведзьма Ваньку ўкрала».
Акрамя гэтага, на форуме працавалі сапраўдныя майстры розных рамёстваў, у якіх можна было навучыцца, як сплесці традыцыйную саламяную птушачку-абярэг або як з дапамогай штампаў-трафарэтаў набіць фарбай на тканіну прыгожыя малюнкі. Такія вырабы мы часта бачым на выставах творчасці майстроў старажытных рамёстваў.
Самыя радасныя эмоцыі панавалі ў зале, дзе падводзіліся вынікі дзіцячага конкурсу выканальнікаў беларускай народнай казкі. Ельскі раён прадстаўляла першакласніца сярэдняй школы № 2 г. Ельска Мальвіна Сачанка. Яна расказала прысутным беларускую казку «Жораў і чапля». Рыхтавала маленькую казачніцу да выступлення настаўніца Марына Мікалаеўна Сычова. Разам яны адпрацавалі кожнае слова, кожную інтанацыю і жэст. Як вынік – у Мальвіны Дыплом ІІІ ступені за мастацкае выкананне беларускай народнай казкі і павагу да беларускай народнай культуры.
Па тэрміналогіі ЮНЕСКА, казка сёння – знікаючы аб’ект. Чаму? Таму што любы жанр народнай прозы патрабуе слухача. Песню можна спяваць для сябе, а з казкай такога не зробіш. Ды і што тычыцца сённяшніх бабуль, яны могуць быць настолькі маладога ўзросту, што часта казак на памяць не ведаюць. Хіба што прабабкі. Толькі яны ведаюць старыя казкі, часам – нячытаныя. Тым не менш, дзяцінства без казкі не бывае. Пакуль ёсць у нас аматары казак, няхай і адзінкавыя, казка будзе жыць. Будуць і казачнікі, і тыя, хто іх слухае. Можа, проста казкі будуць іншымі.
Ганна Булаўка