Надзея Трошка з вёскі Прачомышля выдатна памятае сваё юнацтва і маладосць

Год малой Родины Личности

Калі гарадскія жанчыны і бабулі, якія жывуць у кватэрах, пастаянна хвалююцца за свой знешні выгляд (каб маршчынак не было і лішніх кіла-грамаў таксама), за лад жыцця, не перажываюць за надвор’е (працяглыя дажджы ці засуха), то ў вясковых бабуль усё па-іншаму. У гэтым, паверце, мы не раз упэўніваліся, бываючы ў службовых камандзіроўкаў па Ельшчыне.

Так, вясковыя бабулі не наведваюць спартыўных залаў і клубаў «Каму за …», але  вольных хвілін у іх амаль няма. Агарод, няхітрая гаспадарка, якая, як правіла, складаецца з катоў, сабак і зрэдку з курэй – усё гэта штохвілінна патрабуе гаспадарскай рукі. Але вясковыя бабулі, якія імкнуцца не паддавацца гадам, з гэтым спраўляюцца выдатна.  Як прыклад таму – Надзея Адамаўна Трошка з вёскі Прачомышля, якой сёлета споўніцца 93 гады. Бабуля з першых хвілін знаёмства ўразіла нас сваёй актыўнасцю, учэпістай памяццю, уменнем радавацца жыццю і сваёй жыццёвай філасофіяй.

Дзяцінства і маладосць На-дзеі былі нялёгкімі. Бацька На-дзеі быў ваенным, служыў пад Масквою. Перад пачаткам вайны сям’я прыехала  на радзіму бацькі – у вёску Прачомышля, дзе жылі родныя. Але ў хуткім часе ваеннае ліхалецце раздзяліла сям’ю на доўгія гады.

З першых дзён бацька Адам Акімавіч ваяваў на фронце, маці працавала на ваенным заводзе ў Расіі, а дзеці – Надзея і Міша – засталіся ў сям’і цёткі. Голад, холад, нястачы ваенных гадоў – усё гэта перажывалі разам. Толькі праз некалькі гадоў пасля заканчэння вайны лёс зноў злучыў усю сям’ю.

– З дванаццаці гадоў я працавала як дарослая, – успамінае Надзея Трошка сваё дзяцінства. – Ды не толькі я, усе мае аднагодкі так працавалі. Пасвілі кароў, цялят, свіней, дапамагалі па гаспадарцы дарослым. Гэта было нормай, не тое што цяпер – сучасныя падлеткі не ўмеюць нічога.

Трэба адзначыць, што Надзея Адамаўна не мае звычкі скардзіц-ца на жыццё, нягледзячы на ўсе яго складанасці і перыпетыі. Яна ўдзячна лёсу, які дазволіў ёй і яе родным выжыць у вайну, сустрэць сваю палавінку – хлопца Мікалая, з якім выхавалі пяцярых дзяцей –  трох сыноў і дзвюх дачок. Абое працавалі ў калгасе, трымалі вялі-кую гаспадарку дома – пяцёра ж дзяцей было. Не заўважылі, як і жыццё праляцела. Дзеці з сем’ямі жывуць недалёка, пастаянна наведваюць маці і бабулю. Праўда, адной дачкі ўжо няма ў жывых. З маці жыве сын Васіль.

– Маці мая – чалавек старой закалкі, які ўсё сваё жыццё руплі-ва працаваў і прывучаў да работы дзяцей, – гаворыць Васіль, усміхаючыся. – Таму спуску нікому не было і няма. Усё павінна ра-біцца так, як загадала гаспадыня, бо яна тут самая вопытная і кіруе ўсімі намі.

– Я-то кірую, канешне, але ж цяперашнія дзеці не вельмі слухаць хочуць, робяць усё па-свойму, – пярэчыць бабуля. – Вось нядаўна, напрыклад, цыбулю ў ня-дзелю мне пасадзілі. Гавару – нельга ў нядзелю, а яны па-свойму робяць. Здаецца, усё сам рабіў бы, але ж гады бяруць сваё, сіл і здароўя не прыбаўляецца… Але ж усё роўна стараюся не паддавацца старасці, пажыць хочацца яшчэ. Першы раз сёлета бусла ў палёце бачыла, значыць, яшчэ «лятаць» буду і гэты год.

Надзея Адамаўна выдатна памятае сваё юнацтва і маладосць, нібыта гэта было ўчора.

– Колькі людзей у вёсцы было раней, дзяцей,  моладзі! – гаворыць бабуля. – Цяжка працавалі ўсе, але ж і адпачываць умелі. Штовечар такія танцы ладзілі! Вёску ўмоўна нават дзялілі на дзве часткі – Вербавічы і Кімбараўка. Па вечарах навыперадкі ў скокі хлопцы і дзеўкі пускаліся. Гаварылі: о, Вербавічы танцуюць, а цяпер – Кімбараўка. І ніякай гарэлкі ці віна для настрою ніхто не піў. Нават калі хто выжане бітон гарэлкі, будзе стаяць той бітон, а ўсе танцаваць будуць. А сённяшняя моладзь што: пастаў перад ёй бітон гарэлкі – дык каля яго ж сядзець будуць, а не танцаваць! Цяпер і працаваць не хочуць маладыя, крычаць: буду я ім, маўляў, працаваць за капейкі! Дык ты ж не камусьці працуеш, а сабе. Мы ж колісь за палачкі, наогул, працавалі.

Падзялілася Надзея Адамаўна з журналістамі і сакрэтам доўгажыхарства:

– Сакрэт просты,  дзеткі: не піць гарэлкі, не курыць і работы не баяцца. З фізічнай працаю ніякай фізкультуры не трэба. Ніколі не бойцеся і не цурайцеся ніякай работы!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *