Падвялі вынікі, намецілі задачы

Сельское хозяйство

6 лютага ў КСУП «Скараднянскі» адбыўся справаздачны сход па выніках 2009 года. У ім прымалі ўдзел кіраўнік, галоўныя спецыялісты, работнікі гаспадаркі, а таксама Георгій Цык, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Аляксандр Кольчанка, галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, Генадзь Дражын, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, упаўнаважаны па КСУП «Скараднянскі».


Перад сходам адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці Валаўскага і Скараднянскага сельскіх Дамоў культуры. Незабыўныя музычныя нумары – песні і танцы – выканаў народны фальклорны ансамбль «Валошкі» Валаўскага СДК, а таксама маленькія артысты – вучні Валаўскай школы. Разнастайную музычную праграму з песнямі, танцамі і байкамі прадставілі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага ансамбля «Забава», фальклорнага ансамбля «Флэш» і іншыя артысты Скараднянскага СДК.


Пасля канцэртнай праграмы пачалося пленарнае паседжанне. На парадак дня былі вынесены наступныя пытанні: 1) Вынікі работы КСУП «Скараднянскі» за 2009 год; 2) Прыняцце калектыўнага дагавора на 2010 год; 3) Вынікі работы Валаўскага сельскага выканаўчага камітэта за 2009 год; 4) Аб занясенні лепшых працаўнікоў КСУП «Скараднянскі» на Дошку гонару; 5) Узнагароджванне перадавікоў вытворчасці за 2009 год; 6) Ушанаванне працаўнікоў, якія выйшлі на пенсію ў мінулым годзе.


Падводзячы вынікі мінулага года, Мікалай Заяц, дырэктар КСУП «Скараднянскі», адзначыў, што 2009 год быў нялёгкім для гаспадаркі. Гэта было звязана з аб’яднаннем дзвюх гаспадарак у адну. «Любая рэарганізацыя заўсёды праходзіць з шэрагам пэўных складанасцей і праблем, – адзначыў ён, – тым не менш гаспадарка  прагнозныя паказачыкі выканала на 102,4 %.Негледзячы на тое, што ў рабоце дапускаліся пэўныя памылкі, была выканана і значная работа: рамонт і рэканструкцыя ферм, набыццё новай сучаснай тэхнікі і г.д. Таксама Мікалай Мікалаевіч адзначыў лепшых работнікаў гаспадаркі, назваў  іх вынікі работы ў лічбах. У канцы выступлення кіраўнік паставіў мэты і задачы ў развіцці гаспадаркі на новы 2010 год.


Пра аснашчанасць тэхнікай КСУП «Скараднянскі» падрабязна паведаміў галоўны інжынер Іван Бяляк. Ён сказаў, што ў мінулым годзе для гаспадаркі быў набыты кормаўборачны камбайн «Ягуар», энерганасычаны трактар МТЗ-3022, упакоўшчык кармоў і інш.


Таксама па выніках працоўных здабыткаў у той ці іншай галіне адпаведна выступілі: галоўны заатэхнік Марыя Даніленка, аграном Анатоль Станкевіч, галоўны бухгалтар Наталля Панцэвіч.


Па пытанні прыняцця калектыўнага дагавора на 2010 года, некаторых удакладненнях і дапаўненнях да яго, выступіла Марыя Ляўкоўская, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КСУП «Скараднянскі».


Падрабязную справаздачу пра работу, праведзеную ў 2009 годзе Валаўскім сельскім выканаўчым камітэтам, прадставіла старшыня сельсавета Любоў Ляўкоўская. Яна прааналізавала дэмаграфічную сітуацыю на тэрыторыі сельсавета, выкананнне прагнозных паказчыкаў, добраўпарадкаванне тэрыторыі вёсак.


Так, у 2009 годзе вёска Валаўск была пераўтворана ў аграгарадок. Па праграме будаўніцтва аграгарадка выкананы работы па добраўпарадкаванню зернесушыльнага комплекса, тэрыторыі машынна-трактарнага двара, пад’ездаў да жывёлагадоўчых ферм; Валаўская САШ пераўтворана ў вучэбна-педагагічны комплекс «сярэдняя школа – дзіцячы сад» з правядзенням капітальнага і цякучага рамонту; праведзены ўнутраны і знешні рамонт магазіна № 40 Ельскага райпо; новае месцазнаходжанне набыў фельчарска-акушэрскі пункт; пачаты рамонт Валаўскага сельскага Дома культуры. Па гэтым плане ўведзена ў эксплуатацыю новая аўтаматычная тэлефонная станцыя на 240 нумароў. Таксама ў Валаўску вядуцца работы па будаўніцтву дзвюх артэзіянскіх свідравін і воданапорнай вежы для забеспячэння насельніцтва вадой.


Аб цесным узаемадзеянні калектываў КСУП «Скараднянскі» і ВПК «сярэдняя школа – дзіцячы сад» гаварыў у сваім выступленні Мікалай Кохан, дырэктар школы. Ён падзякаваў кіраўніцтву гаспадаркі за аказанне дапамогі школе і ўзаемаразуменне.


На сходзе было прынята рашэнне аб занясенні на Дошку гонару КСУП «Скараднянскі» працаўнікоў, якія па выніках работы за 2009 год, прызнаны лепшымі. Гэта аператар машыннага даення кароў Ларыса Цалка, аператар па адкорму буйнай рагатай жывёлы Вера Доўбаш, аператар па дарошчванню буйнай рагатай жывёлы Ніна Хрысцініч, аператар машыннага даення кароў Алена Паўлоўская, трактарысты Сяргей Цалка, Мікалай Ляўкоўскі, Анатоль Грыц, вадзіцель Яўген Крывенькі.


Заключным момантам сходу стала ўзнагароджванне лепшых працаўнікоў КСУП «Скараднянскі», якім былі ўручаны грашовыя прэміі.  Ушанавалі і тых, хто ў 2009 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак. Дырэктар КСУП уручыў ім памятныя падарункі.


Ганна Гаўрылава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *