Вышывала маці…


Вышывала маці… У руках,
Як вясёлкі, ніткі мільгацелі.
Клаліся на белых ручніках
Роднай нівы фарбы і адценні.
Расцвіталі ружы і ляны
Ў непаўторных веснавых
узорах.
Упляталіся напевы, сны,
Промні сонца і далёкіх зорак.
Дочкі і сыны ў жыццёвы шлях
Гэты дар-благаславенне
бралі…
А. Пысін.


У вёсцы Валаўск жыве маладая і прыгожая жанчына, руплівая гаспадыня і заўзятая аматарка вышываць Галіна Аляксееўна Гаўрылава. Яна мае мноства любімых заняткаў і захапленняў, якім аддае амаль ўвесь свой вольны час. Галіна Аляксееўна – майстар на ўсе рукі: трымае, як усе вяскоўцы, хатнюю гаспадарку, працуе ў КСУП «Валаўскі» (з нядаўняга часу «Скараднянскі»), ездзіць на сучасным прыгожым скутэры, летам і восенню ледзь не «прапісваецца» ў лесе – так любіць збіраць грыбы, а ўсёй душою любіць вырошчваць кветкі. У хаце ў Галіны Аляксееўны вельмі мала месца: усюды стаяць вялізныя гаршкі з кветкамі, прыгожымі, высачэзнымі (некаторыя аж пад столь!), падобнымі на расліны ў батанічных садах. На вокнах таксама ўсюды кветкі, а азаліі  зараз яшчэ і пышна цвітуць. Вясною і летам амаль уся гэта зялёная прыгажосць радуе вока ў верандзе, на ганку і ў двары, а на зімні час месціцца ў хаце.


На сценах у пакоях Галіны Аляксееўны – яшчэ больш цудаў-вышыванак: шматлікія іконы, ручнікі, мастацкія карціны, сурвэткі, навалачкі на падушках. Тэматыка работ разнастайная: і біблейскія сюжэты, і пейзажы, і нацюрморты, і нават аўтапартрэт.
Некалькі разоў вышыўкі Г.А. Гаўрылавай удзельнічалі ў раённых конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, перамагалі і былі адпраўлены на абласную выстаўку ў Гомель.


Вось як расказвае Галіна Аляксееўна Гаўрылава пра сваё захапленне:


– Вышываннем я займаюся ўжо вельмі даўно. Спачатку, як гэта было модна, вышывала навалачкі, прасціны, ручнікі, а цяпер – карціны, іконы і нядаўна вышыла свой партрэт. Атрымалася, здаецца!


– У вас у хаце, можна заўважыць, і іконы, і ручнікі прымяняюцца практычна…


– Канешне, іконы з выямі Ісуса Хрыста, Божай Маці, Міколы Цудатворцы вісяць на покуці, аздобленыя вышытымі ручнікамі. Таксама свае ручнікі «На шчасце, на долю» я пасцілала пад ногі дзецям на іх вяселлях, у іншых трымала хлеб-соль…


– Якія асаблівасці маюць вашы мастацкія карціны?


– Я вельмі люблю вышываць карціны яркія, вобразныя, з пэўным сэнсам. Тады і вышываецца лёгка, хутка і радасна. Нядаўна я пабывала на экскурсіі ў Жыровічах. І цяпер вышываю Жыровіцкую Божую Маці.


– Раскажыце, калі ласка, як вы размяркоўваеце свой вольны час.


– Мой вольны час размяркоўваецца ў залежнасці ад пары года і надвор’я. Зразумела, што вясной, летам і восенню яго не так многа: агароды, гаспадарка, работа. Але і ў гэты час знаходжу хвілінкі, каб вышываць. Больш хочацца пабываць у лесе, асабліва калі растуць грыбы. У асноўным спрыяльны і плённы час для вышывання – зіма. А самае галоўнае захапленне, вось ужо цэлы год, – мой унучак Алежка, які таксама патрабуе многа ўвагі і клопату.


– Дзякую, Галіна Аляксееўна, за цікавую гутарку. Натхнення, здароўя і радасці табе, мама!


Ганна Гаўрылава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *