У гэтыя выхадныя дні працаўнікі вёскі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Настаў час падвесці вынікі цяжкай сялянскай працы і высветліць, якім атрымаўся хлебны каравай Ельшчыны, якіх паказчыкаў дасягнулі ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве сельгаспрадпрыемствы раёна. Аб гэтым лепш за ўсіх ведаюць кіраўнікі гаспадарак Ельшчыны.
Сяргей Шэцка, дырэктар КСУП «Ельск»:
– Па выніках уборачнай кампаніі працаўнікі КСУП «Ельск» здолелі забяспечыць прырост валавых збораў зерня на 120,3 % да сярэднегадавога ўзроўня за мінулыя тры гады і выканалі заданне па валавому збору зерня на 90,2 %. У гэтым годзе хлебаробы гаспадаркі атрымалі 150,2 кг зерня на бала-гектар пасеянай плошчы, пры гэтым ураджайнасць склала 40,1 цэнтнера з гектара. План продажу зерня дзяржаве выкананы на 126 %.
Каб забяспечыць развіццё жывёлагадоўлі значная ўвага надавалася нарыхтоўцы кармавой базы ў гаспадарцы. Усе кармы былі нарыхтаваны вышэйшага і першага класа. У гэтым годзе механізатары здолелі нарыхтаваць травяных кармоў на 1 умоўную галаву 36,4 цэнтнера кармавых адзінак. Гэта складзе 92,3 % да паказчыка мінулага года.
Шмат намаганняў прыкладаецца спецыялістамі гаспадаркі і жывёлаводамі, каб павялічыць колькасць буйной рагатай жывёлы, свінней. У вытворчасці свініны КСУП «Ельск» дасягнуў найлепшых паказчыкаў у раёне. Мы добра разумеем, што за лічбамі стаяць людзі, іх штодзённая праца, і мы вельмі ўдзячны ўсім працаўнікам вёскі за іх самаахвярнасць, клапатлівасць і добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў.
Рыгор Бабчанок, дырэктар КСУП «Саўгас «Камуніст»:
– Свята працаўнікоў вёскі мы сустракаем з добрымі паказчыкамі, дасягненнямі. У гаспадарцы забяспечаны прырост валавага збору зерня да сярэднегадавога ўзроўню за мінулыя тры гады, а гэта 113,4 %. Выканана заданне па валавому збору зерня на 93,3 %, атрымалі 140,6 кг зерня на бала-гектар пасяўной плошчы. У гэтым годзе ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур склала 40,1 ц/га. КСУП «Саўгас «Камуніст» выканаў план продажу зерня дзяржаве на 100 %.
Жывёлаводы нашай гаспадаркі дабіліся найбольш высокай удзельнай вагі ў вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы. Так, на комплексе «Зашыр’е» гэты паказчык складае 742 тоны, ці 26,7% ад раённага аб’ёму. Шмат увагі надзяляем вытворчасці малака, асабліва паляпшэнню яго якасці. У гаспадарцы працуюць дбайныя і клапатлівыя даяркі, сярод якіх ёсць і шасцітысячніцы. Асобай павагі заслугоўвае праца перадавых даярак Таццяны Каваленка, Галіны Струнінай, Валянціны Яцухна, Ніны Чкулавай. За мінулы год больш чым 5500 кг малака ад кожнай каровы надаілі Аксана Суржанка, Нэлі Нехаенка, Святлана Крук.
Упэўнены, каб аб’ёмныя паказчыкі давалі адчувальны эканамічны вынік, трэба больш увагі надаваць зніжэнню выдаткаў і павелічэнню якасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства.
Васіль Касенка, кіраўнік КСУП «Скараднянскі»:
– Складаным выдаўся гэты год для працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Прырода ўнесла свае карэктывы ў планы земляробаў. Больш як 5000 тон зерня новага ўраджаю нарыхтавалі земляробы КСУП «Скараднянскі». Так, сярэдняя ўраджайнасць у гаспадарцы склала 31 ц/га.
У гаспадарцы загатавалі травяністых кармоў на 1 умоўную галаву 35,5 цэнтнера кармавых адзінак, ці 102,3 % да ўзроўню 2013 года. Хачу адзначыць, што якасць кармоў – 100 % вышэйшага і першага класа.
Добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі і жывёлаводы КСУП «Скараднянскі». Галоўная задача, якая зараз стаіць перад імі, – павялічыць надоі малака. Бо ад таго, колькі малака будзем надойваць ад кожнай каровы і якой якасці яно будзе, залежыць дабрабыт нашай гаспадаркі, ды і кожнага работніка сельскай гаспадаркі.
Уладзімір Матузка, кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства «Ельскае Палессе»:
– Працаўнікі сельскай гаспадаркі «Ельскае Палессе» дасягнулі значных паказчыкаў у сёлетняй уборачнай кампаніі, забяспечыўшы прырост валавых збораў зерня 155,4% да сярэднегадавога ўзроўню за мінулыя тры гады, і выканалі заданне па валавому збору зерня на 111,2 %. У гаспадарцы атрымалі 161,4 кг зерня на бала-гектар пасеянай плошчы, а ўраджайнасць склала 36,8 цэнтнераў з гектара. На 111% выканалі земляробы ГП «Ельскае Палессе» план продажу зерня дзяржаве.
Паспяхова спрацавалі механізатары гаспадаркі на загатоўцы кармоў. У гэтым годзе нарыхтавана травяных кармоў на 1 умоўную галаву 38,7 цэнтнера кармавых адзінак, ці 133,7 % да паказчыка мінулага года. Прычым якасць нарыхтаваных кармоў 100 % вышэйшага і першага класа. Спадзяюся, што гэта дасць магчымасць значна палепшыць паказчыкі па вытворчасці малака ад кожнай каровы і продажу яго вышэйшым гатункам якасці.
Генадзь Дражын, кіраўнік КСУП «Дабрынь»:
– Вельмі ўдалым быў сёлетні сезон для працаўнікоў нашай гаспадаркі. Хлебаробы сабралі добры ўраджай, які на дзве тысячы тон большы, чым у мінулым годзе. Так, з 2000 га плошчы, засеянай зерневымі культурамі, сабрана 6354 тоны зерня пры ўраджайнасці 30,5 ц/га.
У гаспадарцы апошнім часам добра развіваецца жывёлагадоўля. На трох малочнатаварных фермах і трох фермах па дарошчванні маладняка ўтрымліваецца больш за 3000 галоў буйной рагатай жывёлы. Валавы надой малака ў гаспадарцы дасягнуў 3760 тон, ад адной каровы атрымана 3110 кілаграмаў малака. Сярэдні ўдой павялічыўся на 715 кілаграмаў у параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі. Вялікія надзеі ўскладваем на новую сучасную малочнатаварную ферму, што ў хуткім часе будзе здадзена ў эксплуатацыю. На ёй плануецца размясціць 600 галоў дойнага статка. Для іх утрымання загатавана неабходная колькасць кармоў.
Юрый Засінец, дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Падгалле»:
– Лічу, што працаўнікі ДП «Падгалле» змаглі своечасова сабраць вырашчаны ўраджай і ўнеслі свой уклад у агульны каравай Ельшчыны. Так, ураджайнасць збожжавых у сельгаспрадпрыемстве склала 27,1 ц/га. Было намалочана 2084 тоны збожжа без уліку рапсу, што значна вышэй, чым у мінулым годзе. Канешне, вялікая заслуга ў гэтым нашых вопытных камбайнераў. Зазначу, што сёлета земляробы гаспадаркі сабралі нядрэнны ўраджай бульбы. Так, з 16 га, адведзеных пад другі хлеб, сабралі 300 тон. Ураджайнасць бульбы склала каля 200 ц/га.
Зараз у гаспадарцы больш за 2300 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх дойны статак налічвае 790 адзінак пагалоўя. Каб забяспечыць жывёл кормам, у гэтым годзе загатавалі 15000 тон пажыўнай масы, 4000 тон сенажу і нарыхтавалі 300 тон сена. Будзем спадзявацца, што кармоў для жывёлы хопіць на ўвесь асенне-зімовы перыяд і мы зможам павысіць паказчыкі па надоям малака ў гаспадарцы.