Ельскі паэт Рыгор Бабчанок у сваіх вершах славіць малую радзіму

Главное Личности

Ельшчына выпеставала і вывела ў людзі шмат таленавітых мастакоў, навукоўцаў, палітычных дзеячаў і пісьменнікаў. Імя Рыгора Бабчанка, самабытнага зашырскага паэта, знаёма кожнаму, хто сочыць за навінкамі сучаснай беларускай літаратуры і любіць вершы.

Рыгор Бабчанок – аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў з мілагучнымі назвамі «Асалода», «Вяртанне», «Вышыня», у якіх поўна і ўсебакова прадстаўлены творчы шлях нашага таленавітага земляка, яго багаты духоўны свет, яго мары і жаданні. Яго вершы друкаваліся ў ельскай раённай газеце «Народны голас», а таксама ў іншых раёнках і папулярных часопісах.

Рыгор Уладзіміравіч не толькі самабытны, неардынарны паэт, але і вельмі цікавы чалавек, сапраўдны гаспадар свайго лёсу і роднай зямелькі-матухны.

Нарадзіўся Рыгор на беразе ракі Случ, у прыгожай вёсачцы з гістарычнай назвай Ленін, што на Жыткаўшчыне. «Я ганаруся гэтай вёскай, Дзе майго роду карані, Дзе пад страхой – цыбулі коска, На плоце – маміны жбаны», – пісаў ён у адным са сваіх вершаў.

Сваёй малой радзіме ён прысвяціў шмат паэтычных радкоў: «Малая радзіма – бацькоўскі куток. Ты ў свеце адзіны жыццёвы выток», «Стаіць Ленін – мая вёска, Паміж Ельна і Мілевіч…», «Мабыць, так было спрадвеку, З незабыўнай даўніны. Калі дрэнна чалавеку – Ехаў ён на карані!»…

Аднак менавіта на Ельшчыне, у любімым Зашыр’і, Рыгор Бабчанок раскрыў свой талент ва ўвесь абсяг, вырас як добры кіраўнік сельгаспрадпрыемства і як самабытны паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён усё сваё свядомае жыццё прысвяціў развіццю сельскай гаспадаркі.

Скончыўшы Горацкую сельгасакадэмію, працаваў заатэхнікам. Потым больш за 30 гадоў кіраваў КСУП «Саўгас «Камуніст». На пасадзе дырэктара сельгаспрадпрыемства Рыгор Уладзіміравіч праславіў ельскі край на ўсю рэспубліку. Не толькі як мудры і таленавіты кіраўнік, але і як мецэнат, якому зусім не абыякава, што адбываецца ў іншых сферах. Ён шмат зрабіў для развіцця ўстаноў адукацыі раёна, асабліва дапамагаў Ельскай дапаможнай школе-інтэрнату, а таксама Зашырскаму КСЦ.

З’яўляючыся ганаровым дырэктарам Ельскай дапаможнай школы-інтэрната, Рыгор Уладзіміравіч прымае ўдзел амаль у кожным мерапрыемстве, дзе праводзіць многа часу з дзецьмі, прывівае ім любоў да роднага слова, да сваёй Радзімы – любай Беларусі.

Дзякуючы яго намаганням і фінансавай дапамозе, у Зашыр’і з’явіўся музей пад адкрытым небам, дзе ёсць кузня, ганчарня, рыцарскі дворык, вуліца зніклых вёсак Ельшчыны…

На зашырскай зямлі раскрыўся ва ўсю моц, вырас і расквітнеў паэтычны дар Рыгора Бабчанка. Яго вершы простыя і зразумелыя, як і сама беларуская мова, якую паэт-самародак лічыць самай меладычнай, мілагучнай і прыгожай мовай на свеце. Ён не толькі піша вершы па-беларуску, але і ў жыцці размаўляе толькі на роднай мове.

Калі чытаеш пра квітнеючыя палеткі, вёсачку, поле, лес, жывёл і птушак, пра сялян – працаўнікоў гаспадаркі, адчуваеш сапраўдную асалоду ад шчырасці і сакавітасці народнага слова, якім так па-майстэрску валодае наш зашырскі паэт. Нездарма ён сябе называе «сынам палескай зямлі».

Жанна Найман



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *