Разнастаіць свой вольны час можна па-рознаму. Так, напрыклад, вучні 1–7 класаў Качышчанскай сярэдняй школы на мінулых выхадных наведалі з экскурсіяй аграсядзібу «У залатой пчолкі» у вёсцы Старое Высокае.
Гаспадыня падвор’я Любоў Уласенка падрыхтавала для хлопчыкаў і дзяўчынак насычаную праграму з вясёлымі гульнямі і цікавымі конкурсамі, якія прыйшліся да спадобы юным наведвальнікам. У час візіту дзеці таксама пазнаёміліся з экзатычнымі птушкамі сядзібы – паўлінамі. Яны з радасцю фатаграфавалі птушак на памяць. А вось для жадаючых выпрабаваць удачу загадчык Рамязоўскага сельскага Дома культуры Аляксандр Цімошчанка арганізаваў латарэю. Трэба сказаць, шчасціла ў гэты дзень амаль усім. Ну і, канешне, гасцінная гаспадыня Любоў Віктараўна не магла адпусціць рабят без пачастункаў, тым больш, што да чаю быў такі смачны дадатак – гарачыя блінцы і духмяны мёд новага ўраджаю.
– І дарослыя, і дзеці атрымалі мора пазітыўных эмоцый, якія так неабходны ў хмурыя восеньскія дні. Развітвацца ніяк не хацелася, – кажа гаспадыня, – таму і дамовіліся сустрэцца яшчэ.
Жанна Дзянісава