Адзінаццацікласнік Ельскай раённай гімназіі Вадзім Церах стаў пераможцам раённага этапа абласной алімпіяды па пытаннях фінансавай граматнасці сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці, які адбыўся ў суботу, 13 верасня.
На працягу апошніх гадоў у нашай дзяржаве надаецца значная ўвага фінансавай адукацыі школьнікаў. Сіламі банкаўскіх працаўнікоў у школах, гімназіях і ліцэях актыўна праводзяцца ўрокі фінансавай граматнасці. Дзецям тлумачацца асновы кіравання асабістымі фінансамі і паводзін на фінансавым рынку.
Своеасаблівым падвядзеннем прамежных вынікаў сумеснай працы сістэмы адукацыі і банкіраў стала алімпіяда па фінансавай граматнасці сярод навучэнцаў ліцэяў і гімназій. Ініцыятарам яе правядзення выступіў Нацыянальны банк. У Ельскім раёне прымалі ўдзел у праекце гімназісты.
Так, на мінулым тыдні на базе Ельскай раённай гімназіі прайшоў першы этап абласной алімпіяды па пытаннях фінансавай граматнасці. Пераможцам стаў гімназіст Вадзім Церах, які набраў 63 балы з 77 магчымых. У якасці ўзнагароды Вадзім атрымаў Дыплом І ступені і дваццаціграмовы сярэбраны злітак. Юнак будзе прадстаўляць Ельскі раён у другім этапе алімпіяды, які адбудзецца 27 верасня на базе Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Жанна РЫНГОЎСКАЯ