Чацвёрты год шчыруе ў Качышчанскім лясніцтве малады вальшчык лесу Максім Шаблінскі, прычым, дасведчанасці і спрыту ў гэтай працы яму хапае, бо бацька таксама доўгі час працаваў ў лясной гаспадарцы.
Скончыўшы школу, Максім адвучыўся ў ліцэі № 131 у Мазыры і вярнуўся дадому ў родную вёску да бацькоў. І адразу ж уладкаваўся на працу ў Качышчанскае лясніцтва. За такі нязначны тэрмін працоўнага стажу ён ужо паспеў набрацца вопыту ў справе аховы лесу. Не толькі пілой адмыслова валодае, але і працуе на пасадцы маладых дзялянак, займаецца санітарнай вырубкай лясных багаццяў раёна, робіць і многае іншае.
І вось цяпер на адной з дзялянак займаецца распілоўкай буралому, што пакінуў пасля сябе ліпеньскі ураган. Працуе юнак сумленна, стараецца як мага лепш выканаць сваю работу, бо разумее, што ад гэтага залежыць і заробак, дабрабыт сям’і. На заробкі хлопец не скардзіцца, працуе старанна і адказна. Дарэчы, будучая жонка хлопца, Марына, якой малады чалавек ужо зрабіў прапанову рукі і сэрца, таксама працуе майстрам леса у Качышчанскім лясніцтве. Такі вось атрымліваецца прафесійны сямейны тандэм. І Максім выдатны яго прадстаўнік.
Вядома, што праца ў лесе – справа нялёгкая, не кожнаму пад сілу ўставаць на золку, абыходзіць пешшу вялізныя дзялянкі, класціся спаць з заходам сонца. Прычым увесь светлавы дзень працаваць фізічна, ва ўсякае надвор’е. Працаўніком лесу трэба быць па прызванні, як гаворыцца, па поклічу душы. Вось з гэтым у Максіма ўсё ў парадку. Кіраўніцтва лясніцтва характарызуе маладога работніка толькі з лепшага боку, адзначае яго прафесійныя і чалавечыя якасці: дабрасумленны, адказны, дысцыплінаваны і, што нямалаважна, мэтанакіраваны.
У планах у маладога вальшчыка лесу – застацца працаваць на малой радзіме, пабудаваць моцную шчаслівую сям’ю. Хату ён ужо пабудаваў, дрэў насадзіў вялікае мноства. Засталося нарадзіць у шчаслівым шлюбе дзетак. А што яшчэ патрэбна, каб адчуваць сябе шчаслівым?
Пажадаем Максіму, каб усе яго мары здейсніліся, а планы былі рэалізаваны ў бліжэйшым будучым.