У Дабрыні — добра! Чым заняты летам навучэнцы Дабрынскай сярэдняй школы Ельскага раёна

Новости Ельщины Образование

Акультурыць бераг возера, палепшыць спартыўныя навыкі, папрацаваць на малочнатаварнай ферме… Чым яшчэ заняты летам навучэнцы Дабрынскай сярэдняй школы Ельскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як расказаў дырэктар школы Аляксандр Пазняк, першы летні месяц у школе адзна­чыўся адкрыццём трох лагераў. Для малодшых школьнікаў на 15 дзён расчыніў дзверы аздараўленчы лагер дзённага знахо­джання “Дзяцінства”. Хлопчыкі і дзяўчынкі бавілі ў ім час цікава і весела. У рамках розных адукацыйных модуляў педагогі ладзілі для іх пазнавальныя сустрэчы, інтэрактыўныя гульні, майстар-класы і шмат чаго яшчэ.

Так, падчас рэалізацыі модуля “Бяспека” ў госці да выхаванцаў завіталі прадстаўнікі раённых падраздзяленняў Асвода і МНС. А модуль “Творчасць” быў насычаны майстар-класамі ад педагогаў школы, якія вядуць аб’яднанні па інтарэсах творчага кірунку.

Дарэчы, на адных з такіх заняткаў мы пабачылі, як дзеці з захап­леннем ро­бяць з паперы жабак, якіх можна надзьмуць праз трубачку. Шчырыя ўсмешкі, з якімі яны дэманстравалі гасцям сваіх зялёных папяровых сяброў, гаварылі аб іх настроі самі за сябе. А яшчэ дні хлопчыкаў і дзяўчынак былі насычаны экскурсіямі ў Ельскі краязнаўчы музей і Свята-Троіцкую царкву, цікавымі мерапрыем­ствамі ў Даб­рынскім культурна-спартыўным цэнтры і Ельскім гарадскім доме культуры “Колас”.

Вучні старэйшага ўзросту, якім ужо споўнілася 14 гадоў, з ахвотай запісаліся ў лагер працы і адпачынку “КРУТО” (яго наз­ву тут расшыфроўваюць як “Команда ребят, умеющих трудиться и отдыхать”). Працавалі на мясцовым КСУП “Дабрынь”, якое вырабляе прадукцыю мяса-малочнай жывёлагадоўлі, раслінаводства і агародніцтва. У мэтах бяспекі падлеткаў не дапусцілі да догляду кароў, яны добраўпарадкоўвалі тэрыторыю малочнатаварнай фермы, удзельнічалі ў палявых работах, у прыватнасці, праполцы кармавых буракоў.

Школьнікі ў лагеры не толькі нядрэнна падзарабілі, але і атрымалі шмат пазітыўных эмоцый ад самых розных актыўнасцей, якія арганізавалі для іх педагогі. А яшчэ папоўнілі скарбонку добрых спраў на карысць роднага аграгарадка — прыбралі ад смецця і прывялі ў парадак частку берага возера Данілаўка, дзе летам любяць загараць і купацца вяскоўцы.

Лагерам працы і адпачынку магчымасці для школьнікаў зарабіць уласныя грошы не абмежаваліся. У хуткім часе дабрынскія навучэнцы ўвальюцца ў склад раённага студэнцкага атрада БРСМ, які таксама будзе працаваць у КСУП “Дабрынь”. А некаторыя падлеткі збіраюцца часова працаўладкавацца на гэтае сельскагаспадар­чае прадпрыемства ўжо ў індывідуальным парадку.

У жніўні на базе ўстановы адукацыі плануюць рэаліза­ваць праект другаснай занятасці навучэнцаў па рамонце агароджы тэрыторыі школы, які фінансуецца за кошт дзяржавы. Такім чынам, дзякуючы працавітым рукам старшакласнікаў і работнікаў школы, 1 верасня яна будзе мець яшчэ больш прывабны выгляд.

Не забыліся ў Дабрынскай сярэдняй  школе і аб інтарэ­сах вучняў, якія не ўяўля­юць свой вольны час без спорту. У чэрвені тут працаваў спартыўны лагер, арганізаваны Ельскай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай. Яго наведвалі як даб­рынскія, так і ельскія школьнікі. А ў ліпені і жніўні юных аматараў здаровага ладу жыцця запрашае спартклуб “Лета ў кедах”.

— Многія нашы дзеці любяць актыўна праводзіць час у спартзале і на адкрытых пляцоўках. На працягу навучальнага года ў школе працуюць секцыі па валейболе, тэнісе, лёгкай атлетыцы. Навучэнцы ўпэўнена перамагаюць на раённых, абласных і нават рэс­публіканскіх спаборніцтвах. Можна сказаць, летам мы рыхтуемся да новых перамог. Займаемся бегам, гуляем у спартыўныя гульні, катаемся на ролерах, веласіпедах, плаваем, — расказ­вае настаўнік фізічнай культуры і здароўя школы Ігар Захараў.  За гэты год узялі на рэспубліканскіх спаборніцтвах 16 прызавых месцаў! Летам рыхтуемся да новых перамог.

Ужо склалася добрая традыцыя, што ў другой палове лета педагог разам з вучнямі адпраўляюцца ў шматдзённы велапаход па Беларусі, падчас якога наведваюць знакавыя для нашай гісторыі мясціны. Шмат дзе пабывалі і спыняцца не збіраюцца, зараз якраз плануюць новую ванд­роўку.

На базе школы на канікулах таксама будуць працаваць арт-пляцоўка, хобі-цэнтр, дзейнічаць профільныя і валанцёрскія атрады. Так, юныя валанцёры з атрада “Клопат” удзеляць увагу адзінокім пажылым адна­вяскоўцам, ветэранам педагагічнай працы. Члены рознаўзроставага профільнага атрада “Нашчадкі Перамогі” зоймуцца доб­раўпарадкаваннем брацкай магілы савецкіх воінаў у Дабрыні, правя­дуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

А ў праграме валанцёрскага атрада “Фітакампанія” — экалагічныя акцыі, майстар-клас па лозапляценні, збор лекавых траў для сашэ, творчых работ і абнаўлення этнаграфічнай музейнай экспазіцыі школы.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *