Гаспадары зямлі сваёй

Личности Новости Ельщины

У час аднаго з выездаў на раён у аграгарадку Рамязы мы ўбачылі вельмі прыгожую карціну: абапал адной з вясковых вуліц паважна разгульвалі гусі, бегаў невялікі статак рознакаляровых парасят.

І так было дзіўна назіраць за гэтым, быццам у пазамінулае стагоддзе патрапілі, калі па вуліцах не насіліся іншамаркі, а жыццё ішло спакойна, як у мележаўскіх «Людзях на балоце». Мы ўсе нават выскачылі са службовай машыны, каб паглядзець на вясковую жыўнасць, якая гуляла сама па сабе. Але праз хвіліну да нас падышла маладая гаспадыня з сынам і па-гнала сваіх гадаванцаў у двор.

Тым не менш, парай слоў нам удалося перакінуцца з жанчынай. Гэта была Таццяна Алексеевіч. Разам з мужам Аляксандрам выхоўваюць двух сыночкаў – Івана і Антона. Таццяна і Аляксандр працуюць у Рамязоўскай школе: Таццяна – прыбіральшчыцай, а Аляксандр – сторажам. Дома маладыя гаспадары трымаюць вялікую гаспадарку (свіней, курэй, індыкачак), садзяць агароды, дзе вырошчваюць усё нееабходнае для сям’і. Словам, жывуць спрадвечным вясковым жыццём.


– Па-іншаму проста не ўяўляю жыцця ў вёсцы, – дзеліцца думкамі Таццяна Алексеевіч. – Я сама родам са Старога Высокага, муж мясцовы. Як пажаніліся, набылі хату ў Рамязах, завялі гаспадарку. Гадуем свіней, разводзім іх, трымаем і хатнюю птушку. Дома заўсёды ёсць свежыя прадукты, экалагічна чыстыя, так сказаць, вырашчаныя ўласнымі рукамі. Вядома ж, што сваё дамашняе намнога смачнейшае, чым магазіннае. Вось зараз агародны сезон пачнецца, будзем садзіць усё неабходнае.
«Набыць зямлю, прыдбаць свой кут,» – гэтыя вядомыя словы галоўнага героя з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» нам вядомыя са школы. Але сёння далёка не ўсе падзяляюць запаветную мару Міхала. У сучасны імклівы час моладзь у сваёй большасці імкнецца пакарыць вялікія гарады з іх зручнымі высоткамі і тэхнічнымі навінкамі. Ды і ніхто не кажа, што гэта няпра-вільна ці дрэнна. У кожнага свае мэты, свой шлях. Галоўнае, каб жыццёвая дарога прыносіла задавальненне.
Гаворым, што гарады паглынаюць вёскі, вёскі аджываюць свой век. Але пакуль у вёсках будуць жыць такія гаспадары, як сям’я Алексеевіч і іншыя маладыя сем’і, якія не цураюцца вясковай працы, да таго часу будзе жыць вёска.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *