Вясна сёлета хоць і ранняя, аднак даволі капрызная. Пасяўная кампанія ў раёне пачалася раней, чым у папярэднія гады. Вось толькі начныя замаразкі і дажджы вымушаюць карэкціраваць ход палявых работ у сельгаспрадпрыемствах Ельшчыны.
Тым не менш, вясна дыктуе раннія тэрміны ўсіх работ на палях і прыспешвае хлебаробаў. Каб не прапусціць аптымальныя тэрміны, увесь комплекс вяснова-палявых работ аграрыі імкнуцца выканаць як мага хутчэй, з захаваннем тэхналогіі і з улікам агранамічных асаблівасцяў кожнага поля.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ельскага райвыканкама Марыі Змушка, хоць пасяўная кампанія толькі пачала адлік, праца на палях гаспадарак раёна ідзе поўным ходам. Уносяцца ўгнаенні, ідзе падрыхтоўка глебы, падкормка азімых збожжавых. У чатырох гаспадарках: КСУП «Скараднянскі», КСУП «Ельск», КСУП «Дабрынь» і КСУП «Саўгас «Камуніст» – пачалася сяўба аўсу і зернебабовых культур – марудзіць няма часу.
– Наперадзе вялікі аб’ём работы, якому папярэднічала сур’ёзная падрыхтоўка. Усе спецыялісты павінны быць нацэлены на тое, каб зладжана і дружна правесці пасяўную. Важна рацыянальна спланаваць работы на кожным сельгаспрадпрыемстве. Граматнае кіраўніцтва і надзейная тэхніка дазваляюць ельскім хлебаробам працаваць эфектыўна, – адзначыла Марыя Змушка. – У гаспадарках працуюць там, дзе ёсць магчымасць увайсці ў поле. Як толькі яно падсохла, пачынаем за-крыццё вільгаці, а затым усе працэсы ідуць сваёй чаргой. Да правядзення пасяўной кампаніі падыходзім выбарачна, бо яшчэ шмат месцаў пераўвільготненых. Але тэхніка і людзі гатовыя, чакаюць, калі па максімуму можна ўключыцца ў працу.
У КСУП «Ельск» сёлета плануюць пасеяць 580 гектараў яравых збожжавых і зернебабовых культур. Пакуль пасеялі толькі 60 гектараў аўса з 260 запланаваных: пераўвільготненая глеба не дазваляе працаваць з размахам.
На адным з палёў КСУП «Ельск» мы пагаварылі з механізатарамі Мікалаем Яцухна і Віктарам Цімошчанка. У момант нашай сустрэчы на новым трактары на гусеніцах «Беларус 2103», які набылі ў гаспадарцы зусім нядаўна, Мікалай Яцухна вызваляў з гразі «Беларуса» Віктара Цімошчанкі, які ўносіў на полі калійныя ўдабрэнні.
– Хочацца ўжо па-сапраўднаму пачаць працаваць, – адзначыў Мікалай Яцухна, – але вільгаць на палях стрымлівае ход палявых работ. Але мы імкнемся выкарыстоўваць кожную магчымасць.
Даўняя прымаўка «Вясновы дзень год корміць» актуальнасць не страціла і сёння. Работа, якая зараз вядзецца на палях, нацэлена на атрыманне добрага ўраджаю. Таго самага, які будзе нас карміць увесь год.
Анна Булавко