Абрадавае свята сустрэчы вясны «Саракі» правялі 22 сакавіка ў аграгарадку Валаўск работнікі мясцовага цэнтра народных традыцый.
Да свята «Саракі» выпякаюцца птушачкі з цеста. Гэта сімваліч-ныя жаўрукі, якім і адводзіцца галоўная роля абраду – паклікаць вясну. Абрадавае дзейства штогод узнаўляюць і напаўняюць самабытнай атмасферай артысты народнага фальклорнага калектыву «Валошкі». Гэты год не стаў выключэннем.
У выкананні валаўскіх спявачак гучалі песні-вяснянкі, заклічкі. Абрад суправаджаўся карагодамі, традыцыйнымі народнымі гульнямі і забавамі. Удзельнікі мерапрыемства – і дарослыя, і дзеці – высока падкідвалі спечаных з цеста жаўрукоў, скакалі на дошках і каталі па полі кола – каб год быў ураджайным, зямля ўрадлівай і шчодрай. Не абышлося свята і без гульні ў ручаёк, якая таксама суправаджалася тэматычнымі песнямі.
Згодна з павер’ямі, калі зрабіць усё правільна і з душой, то вясна хутка з’явіцца. А свет напоўніцца светлымі духамі, якія абавязкова пракладуць ёй дарогу, каб яна спакойна магла ўступіць у свае законныя правы.
– Традыцыя спрадвечна мясцовая, характэрная для нашага палескага кутка, – адзначыла дырэктар Валаўскага цэнтра народных традыцый Галіна Бурміч. – Яе гісторыя налічвае не адно стагоддзе. Абрад быў адроджаны ў 1990-х. Узнавіць карціну дапамаглі ўспаміны мясцовых старажылаў. З тых пор мы так сустракаем вясну на свята Саракі 22 сакавіка. Традыцыйна свята збірае ў Валаўску не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей з раёна і вобласці. Інтэрактыўны фармат дазваляе далучыцца да дзейства кожнаму, хто хоча дакрануцца да самабытнай гісторыі краю.
У любімых веснавых гульнях юныя валаўцы ўдзельнічалі з вялікім задавальненнем.
Адметнасцю свята ў Валаўску з’яўляецца тое, што побач з дарослымі ў абрадзе ўдзельнічаюць дзеці, якія выдатна ведаюць мясцовыя гульні, песні і традыцыі і з задавальненнем іх развіваюць.
Каб хутчэй прыйшла вясна-красна, дзеці і дарослыя яшчэ раз дружна яе пагукалі і пачаставаліся жавароначкамі з цеста.