Запрашае абласны семінар прозы і драматургіі

Год мира и созидания Культура Общество

У межах Года міру і стварэння штомесячна ў Гомелі праходзяць абласныя творчыя семінары паэзіі і паэтычных перакладаў, прозы і драматургіі, удзельнікамі якіх з’яўляюцца прафесійныя пісьменнікі – члены прафесійных творчых арганізацый – Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, Саюза пісьменнікаў Расіі, літаратуразнаўцы, крытыкі, аўтары-пачаткоўцы, аўтары-аматары прыгожага пісьменства, члены аматарскіх літаратурных аб’яднанняў і клубаў Гомеля і вобласці, чытачы.

23 чэрвеня ў 15.00 у аддзеле літаратуры па мастацтве абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна новастворанае абласное літаратурнае аб’яднанне “Слова” пры Гомельскім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” праводзіць чарговы семінар (секцыю) прозы і драматургіі.
У час трохгадзіннага творчага семінара плануецца абмеркаваць бягучыя пытанні развіцця літаратурнага працэса ў жанры прозы. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў, крытыкаў будуць шэраг новых кніг сучасных празаікаў. Напрыклад, адбудзецца прадстаўленне, аналіз і абмеркаванне зборніка прозы “Подых часу» (Гродна,ТАА “ЮрСаПрынт, 2023), у якім надрукавалі свае творы і шэраг гомельскіх творцаў. Рэцэнзент – празаік, паэт, публіцыст, мастацтвазнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік семінара прозы АЛА “Слова” пры Гомельскім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Алег Валянцінавіч Ананнеў. На семінары будзе зроблены аналіз і абмеркавана дакументальна-мастацкая аповесць пра баявы шлях Героя Савецкага Саюза Н.С. Арлова “Опаленные войной” Любові Арловай, кіраўніка Петрыкаўскага літаратурнага аб’яднання (Мазыр, КПУП “Калор”, 2023). З водгукам-рэцэнзіяй выступіць празаік, публіцыст, літаратуразнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Кручэнка Тамара Віктараўна. У цэнтры ўвагі таксама будзе аналіз і абмеркаванне новага рамана-версіі вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Гаўрыловіча “Па веры вашай…”(Мінск, “Выдавецкі дом “Звязда” (2022). “Аўтарскае разуменне гістарычнай праўды” – з такім дакладам пра твор выступіць член абласнога літаратурнага аб’яднання “СЛОВА” пры абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Наталля Царанкова. І яшчэ мастацкія вартасці адной кнігі будуць адзначаны на абласным семінары: гэта новы твор маладой гамяльчанкі, члена Абласнога літаратурнага аб’яднання “СЛОВА” Яніны Бераснёвай (Корбут) “Любимые вне закона” (Мінск, “Чатыры чвэрці”, 2023). Літаратуразнаўчы аналіз зробіць намеснік кіраўніка Абласнога літаратурнага аб’яднання “СЛОВА” пры абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, паэтэса, празаік Наталля Генадзьеўна Шэметкова.
У час семінара адбудзецца і традыцыйнае галасаванне па прыёму папярэдне адобраных кандыдатаў у Абласное літаратурнае аб’яднанне “Слова” пры абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, а некаторым аўтарам, якія прафесійна ўжо працуюць на ніве літаратуры, будуць уручаны членскія білеты прафесійнай арганізацыі – Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэтаксама ўдзельнікі семінара абмяркуюць удзел гомельскіх творцаў у якасці перакладчыкаў у міжнародным беларуска-расійскім праекце перакладаў “Мір Каўказу”.
– З пачатку года ў Гомелі праведзена шэсць творчых семінараў, звыш сарака аўтараў, па выніку разгляду іх творчасці, сталі членамі абласнога літаб’яднання, некаторыя рэкамандаваны да ўступлення ў прафесійны Саюз пісьменнікаў і нават вылучаны на атрыманне прэстыжных літаратурных узнагарод. Семінар карысны кожнаму хто піша даўно, і толькі ўзяўся, што называецца, за пяро. Ён пашырае кругагляд аўтараў і чытачоў, што таксама немалаважна, – адзначае кіраўнік семінара прозы і драматургіі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алег Ананнеў.
– Прыемна, што з кожным нашым невялікім літаратуразнаўчым форумам павялічваецца колькасць зацікаўленых, бывае, часам нават і месцаў для ўсіх жадаючых не хапае. Але ж мы не абмяжоўваем уваход, ён па-ранейшаму для ўсіх жадаючых свабодны, толькі пры ўмове абавязковай рэгістрацыі. А жадаючым выступіць з водгукам па канкрэтна адзначанай тэме абмеркавання (рэгламент – даклад – ад 7 да 10 мінут, кароткі водгук – 1-2 мінуты) трэба, зразумела, зараней запісацца. Так як чарговы семінар рыхтуецца загадзя, не падаўшым своечасова заяўку на выступленне і не зарэгістраваным для ўдзелу ў семінары слова не прадастаўляецца, – дадае намеснік кіраўніка АЛА “Слова” пры аддзяленні СПБ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Шэметкова.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *