Марыя Дыбчук, 88 -гадовая жыхарка в. Вярхі Ельскага раёна, сочыць за парадкам у сваім двары

Личности

Вёска заўсёды адрозніваецца ад горада, нават невялікага. Тут усё іншае: і людзі, і побыт, і прырода, і адносіны… Са мной можаце паспрачацца, але ў вёсцы людзі іншыя.

 Паспрабуйце проста пад’ехаць да гарадскіх бабуль і дзядуль, пагаварыць з імі ды яшчэ прапанаваць сфатаграфавацца для газеты. Не кожны захоча. А ў вёсцы бабулі і дзядулі ўсё шчыра раскажуць пра сваё жыццё і з задавальненнем сфатаграфуюцца. А бабулі яшчэ і прыбяруцца перад гэтым, хвалявацца пачнуць, каб прыгожымі выйсці на здымку.

Маё меркаванне пацвярджае і жыхарка вёскі Вярхі Старавысокаўскага сельсавета  Марыя Дыбчук. Яна, як і іншыя нешматлікія жыхары, жыве ў роднай вёсцы і жыццём сваім задаволена. Нягледзячы на паважаны ўзрост (бабуля нарадзілася ў 1935 годзе), корпаецца каля хаты: трымае невялікі агарод, сочыць за парадкам у двары.

Усю цяжкую працу па вядзенні хатняй гаспадаркі робіць яе сын Аляксандр. Ён працуе вадзіцелем аўтобуса і жыве ў Вярхах з матуляй. Другі сын жыве з сям’ёй у Ельску, часта наведваецца на малую радзіму да маці. Наогул у Марыі Рыгораўны чатыры ўнукі і тры праўнукі.

– Наведваюцца ўсе да мяне, – гаворыць жанчына. – Для іх стараюся вырасціць усё сваё. Вось і клубнічка зацвітаць пачынае, і на градах сёе-тое ўзыходзіць.

На пытанне, ці не страшна жыць у амаль бязлюднай вёсцы, Марыя Дыбчук адказвае:

– Ніколькі. Прывыклі ўжо. У мяне вось суседзі гаспадарку трымаюць, таму там рух пастаянны. З астатнімі жыхарамі Вярхоў каля аўталаўкі сустракаемся. Шкада, канешне, што вёска абязлюдзела: старыя павыміралі, маладыя раз’ехаліся. А калісьці былі ў Вярхах і школа пачатковая, і яселькі, куды дзяцей змалку аддавалі, а самі на работу выходзілі, і клуб быў, калгас працаваў. А зараз – толькі ўспаміны… Такі лёс нашай вёскі…

Ведаеце, калі сустракаешся з вяскоўцамі, асабліва такіх малых населеных пунктаў, то дзівішся іх спакою і ўранаважанасці. Канешне, сум па былых часах ёсць, але яны гэта ўспрымаюць як даніну часу, пацвярджаючы справядлівасць выразу: калі не можаш змяніць абставіны, змяні свае адносіны да іх. І ніякай табе хандры, іпахондрыі ці дэпрэсіі. Вясковыя бабулі і дзядулі, не трымаючы вялікую гаспадарку, знахо-дзяць сабе занятак штохвілінна. Яны дзякуюць Богу за кожны пражыты дзень у роднай вёсцы, роднай хаце, радуюцца ўзыходу сонца, спеву птушак, сонечнаму цяплу. А гэта выдатны прыклад для ўсіх!

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *