Маленькая вёсачка Загацце сёння наўрад ці можа нечым прывабіць турыста альбо проста падарожніка, але яна адметная прыгожымі людзьмі, якія верныя ёй да канца.
Дзіцячыя ўспаміны звязвае Аксіння Гуд з Капсанамі, што ў Засінцаўскім сельсавеце, з вялікай гаспадаркай. Бацька і маці нарадзілі дзевяцярых дзетак, а каб гадаваць іх, патрэбна было шмат працаваць. І працавалі ад цямна да цямна і бацькі, і старэйшыя дзеці. Усе выраслі сумленнымі, годнымі людьмі.
– Шасцёра нас засталося, стараемся падтрымліваць блізкія адносіны, дапамагаем адно аднаму, – дзеліцца мая суразмоўца.
Пасля вучобы ў Краснабярэжскім тэхнікуме адправілі маладога агранома-палявода Аксінню Гуд у калгас «Рэвалюцыя» загадчыцай загацянскай фермай. Так і адпрацавала яна на адным месцы аж да самай пенсіі.
– Я ж з іншай вёскі была, – рассказвае жанчына. – Таму здымала пакой ў будучай сваёй свякроўкі. Так сталася, што пабра-ліся з сынам гаспадыні Аляксеем і пражылі ў любові і згодзе ўсё жыццё. Хату сваю пабудавалі, завялі вялікую гаспадарку, пасадзілі сад, абраблялі зямлю. А яшчэ ж у калгасе працавалі заўзята. На ферме па 700 галоў жывёлы стаяла, адказнасць на мне вялікая была. Аляксей механізатарам шчыраваў. Дапамагалі адно аднаму, бо ведалі, што ніхто не дапаможа… Дзетак траіх выхавалі – дзве дачкі і сыночка. Алена з Наталляй у Нароўлі ды Ельску ўладкаваліся, свае сем’і маюць, а Віктар са мною застаўся. Яго дапамога пасля смерці мужа ох як патрэбна стала!
Аксіння Мікалаеўна доўга яшчэ распавядала пра сваё сялянскае жыццё-быццё, пра дзетак, пра калгасныя будні. А калі размова пайшла пра маладое пакаленне, на вачах у жанчыны неспадзеўна выступілі слёзы.
– Шкада мне іх, неразумных, у блуд ды спакусу зводзяць іх нядобрыя людзі. Нам нельга дапусціць, каб моладзь нашу адурманілі, атруцілі іх галовы чужымі каштоўнасцямі праз інтэрнэты розныя… Няхай лепш сваім розумам і сваёй працай жывуць. І любяць сваю радзіму, як сваю маці. Такі наказ дала жанчына маладым лю-дзям напрыканцы нашай сустрэчы.
І сапраўды, любоў да роднай зямліцы, да каранёў сваіх, да людзей дае сілы і ўмацоўвае духам. На тым заснавана жыццёвая філасофія Аксінні Гуд.
Васіль Мітрафанаў