Повар КСУП «Дабрынь» Тамара Зуевіч гатуе смачныя абеды для работнікаў свайго сельгаспрадпрыемства

Личности Сельское хозяйство

Добры работнік – гэта сыты работнік. У праўдзівасці народнай мудрасці ўпэўнена повар КСУП «Дабрынь» Тамара Зуевіч. Таму для работнікаў свайго сельгаспрадпрыемства жанчына гатуе заўсёды смачна і ад душы.

– У работнікаў сельскай гаспадаркі вельмі цяжкая праца. Абед павінен быць добрым, сытным і смачным. Для гэтага ў яго трэба душу ўкласці, а не зрабіць абы як, каб потым не сорамна было чалавеку ў вочы паглядзець, калі сустрэнеш на вуліцы, – кажа Тамара Фёдараўна. – Я люблю зямлю і людзей, якія на ёй жывуць і працуюць. Таму гатую для ўсіх, як для сваіх родных.

Шмат у чым дзякуючы такому стаўленню да людзей, да Тамары  Зуевіч кожны год з пачаткам палявых работ адпраўляецца дэлегацыя з сельгаспрадпрыемства, каб папрасіць папрацаваць яшчэ адзін аграрны сезон. І колькі разоў яна заракалася, што ўсё, гэты год ўжо сапраўды будзе апошні, але не можа адмовіць. Повар не раз ужо  збіралася на заслужаны адпачынак па-сапраўднаму, але яшчэ адзін сезон вырашыла пакарміць работнікаў сельгаспрадпрыемства.

Нядаўна мы з прадстаўнікамі райкама прафсаюза работнікаў АПК пабывалі ў сталовай сельгаспрадпрыемства, каб пагутарыць з Тамарай Фёдараўнай у звыклай для яе рабочай абстаноўцы.

Над вялікімі каструлямі з самай раніцы ўюцца клубы пара. Не адну гадзіну жанчыне давядзецца правесці ля пліты, каб прыгатаваць больш за пяць дзясяткаў абедаў для аграрыяў гаспадаркі плюс дзясятак – для аграрыяў з суседняга Нараўлянскага раёна. Але сапраўднага прафесіянала гэта не палохае: за плячыма сорак пяць гадоў працоўнага стажу, які дазваляе правільна і эфектыўна размеркаваць сваю работу ледзь не па хвілінах. Да таго ж з памочніцамі – кухоннай рабочай Наталляй Літвін і раздатчыцай Галінай Думінскай – прыгатаванне ежы ў сталовай праходзіць без асаблівых складанасцей.

У сталовай КСУП «Дабрынь» Тамара Зуевіч – і загадчыца, і галоўны шэф-повар. Меню таксама складае сама. За тыя 15 хвілін, што едзе дадому, прадумвае, што будзе рыхтаваць заўтра. Повар вядзе ўсю дакументацыю, заказвае і прымае прадукты, сама ж адпускае абеды.

Пахне ў сталовай вельмі смачна, прама як дома на кухні. Іграе ненавязлівая музыка, паўсюль чысціня і парадак. За столікамі абедаюць некаторыя работнікі сельгаспрадпрыемства.

– Частка людзей, напрыклад, работнікі зернятоку ці вадзіцелі, якія заняты на перавозцы збожжа на таку, – расказвае Тамара Фёдараўна, – прыходзяць паабедаць у сталовую. Астатнім ежу адпускаем у тэрмасах.

Трэба адзначыць, што ў КСУП «Дабрынь» кожны механізатар атрымлівае ежу ў наборы тэрмасаў: у кожным кантэйнеры – асобная порцыя супу, другое і кампот. Вось такі «шматпавярховік» атрымлівае кожны работнік, і не патрэбна на поле вазіць каструлі ці збанкі з ежай.

У дзень нашага візіту на абед у сельгасработнікаў быў суп з мясам, макароны і велізарная катлета, халодны чай, а да яго вялікага памеру бяляш. Дарэчы, Тамара Фёдараўна вельмі часта пячэ механізатарам піражкі і беляшы, адным словам, песціць работнікаў гаспадаркі дамашняй выпечкай.

Як расказала прафсаюзны лідар КСУП «Дабрынь» Марына Смыкоўская, асноўную частку выдаткаў на харчаванне бярэ на сябе гаспадарка – з заробку механізатараў, занятых на палявых работах, утрымліваецца толькі 20% ад агульнага кошту абеду. У выніку кошт абеду атрымліваецца менш рубля, у межах 60 – 80 капеек. А гэта проста выдатна для аграрыяў, улічваючы, што  кожны дзень яны атрымліваюць свежае і смачнае двухразовае харчаванне.

Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *