Прафесіяналізм, які перадаецца з пакалення ў пакаленне, – вось самае галоўнае адрозненне прадстаўнікоў працоўных дынастый. У старадаўнія часы веды, вопыт і навыкі перадаваліся ад бацькі да сына. Звязаныя роднаснымі сувязямі, працавалі дружна, стараліся не падводзіць адзін аднаго, падтрымліваць марку прозвішча.
На жаль, быў час, калі ў мітусні рэформаў і разнастайных перабудоў аб такім моцным па сваёй грамадскай сутнасці паняцці, як пераемнасць пакаленняў, практычна ўсюды проста забыліся. Але на Ельскай мэблевай фабрыцы гэтага, на шчасце, не здарылася. На прадпрыемстве, гісторыя якога налічвае амаль 100 гадоў, вырасла і працуе нямала працоўных дынастый. Гісторыя прадпрыемства – гэта гісторыя кожнай сям’і.
Пачатак дынастыі Панцэвічаў, што працавалі і працуюць на мэблевай фабрыцы, паклалі муж і жонка Панцэвічы – Леанід і Тамара. Як прыйшлі яны ў 50-я гады мінулага стагоддзя на прадпрыемства, дык толькі ў 90-я пакінулі, калі пайшлі на заслужаны адпачынак, перадаўшы свой вопыт і свае веды дзецям – старэйшаму Ігару і малодшай Таццяне, якія гэтак жа, як і бацькі, працуюць побач са сваімі «пала-вінкамі». Іх агульны працоўны стаж складае каля 200 гадоў!
Таццяна і Аляксандр Цімошчанкі, Ірына і Ігар Панцэвічы, Юлія Баравая (у цэнтры)
Ігар Панцэвіч пачаў сваю працоўную дзейнасць пасля службы ў войску ў 1988 годзе ў якасці заточніка дрэваапрацоўчага інструмента рамонтна-механічнага ўчастка. У гэты час на мэблевай фабрыцы працавалі яго бацька, маці і брат. А праз год пачала працаваць на прадпрыемстве яго жонка Ірына. Цяпер яна выконвае абавязкі аператара кацельнай устаноўкі.
Таццяна Панцэвіч-Цімошчанка прыйшла на фабрыку адразу пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1991 годзе, працуе абівальнікам мэблі. Яе муж Аляксандр прыступіў да працы ў 1995 годзе пасля службы ў арміі. У той час на прадпрыемстве працавалі яго дзядуля, бабуля, бацька і маці. Так дзве сямейныя дынастыі аб’ядналіся ў адну сям’ю. Аляксандр вырабляе шаблоны мэблі ў зборачна-аздобным участку. Пляменніца, Юлія Баравая, адносіцца ўжо да чацвёртага пакалення сямейства вядомых мэбельшчыкаў, працуе бухгалтарам пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага політэхнічнага тэхнікума з 2002 года, тым самым працягваючы добрыя традыцыі ўсёй сям’і.
Так і шчыруюць на роднай фабрыцы адначасова два пакаленні вялікай працоўнай дынастыі. У чарговы раз пераконваешся: прыроджаныя якасці чалавека, вядома, іграюць галоўную ролю, але асабісты прыклад бацькоў – не менш важны фактар станаўлення асобы. Так і склалася ў сям’і Панцэвіч-Цімошчанка – любоў бацькоў да прафесіі стала эталонам у жыцці дзяцей, і па меры сталення кожны з іх ні разу не засумняваўся ў правільнасці свайго выбару.
Васіль Мітрафанаў
Фота Настассі Бяляк
Тэкст надрукаваны ў газеце «НГ» ад 30 красавіка