У сярэдняй школе № 2 стала добрай традыцыяй штогод адзначаць 21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы.
З самага ранку наведвальнікаў школы сустракалі дзяўчаты, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, яны віталі на беларускай мове і раілі добрага дня сваім настаўнікам, сябрам і іх бацькам, а таксама прапаноўвалі ўсім жадаючым паўдзельнічаць у акцыі “Размаўляй, пішы, твары па-беларуску”.
У гэты час гучалі музычныя творы беларускіх аўтараў у выкананні вядомых беларускіх артыстаў. Былі наладжаны выставы дзіцячых малюнкаў “Пазнай твор па малюнку” і “Беларускія фразеалагізмы ў малюнках”. А на перапынках паміж урокамі дэманстраваліся мультыплікацыйныя фільмы “Дзед”, “Піліпка-сынок”.
Сямікласнікі правялі цікавы ўрок у школьным этнаграфічным музеі, выканалі інсцэніроўку ўрыўка з твора З. Бядулі “На Каляды к сыну”. Свята атрымалася!