17 верасня ў Беларусі будзе адзначацца Дзень народнага адзінства. Гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, і назаўсёды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі. Адноўленае ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Па гэты час некаторыя вуліцы ў гарадах і вёсках, асабліва былой Заходняй Беларусі, маюць назву «17 верасня». Нагадаем, Заходняй з 1921 года — у адпаведнасці з Рыжскім дагаворам — была частка сучаснай тэрыторыі Беларусі: да польскага паходу Чырвонай арміі яна і заставалася ў складзе Польшчы. Уз’яднанне ж Усходняй, савецкай часткі краіны, з Заходняй якраз і адбылося шмат гадоў таму.
Сам працэс уз’яднання тэрыторый, на якіх 18 гадоў панавалі розныя дзяржаўныя ідэалогіі, праходзіў вельмі няпроста. Вецер перамен закінуў тады тысячы суайчыннікаў з Заходняй Беларусі за межы Бацькаўшчыны. Шчасліва-трагічныя перадваенныя падзеі цяпер вывучаюць гісторыкі, а ў Расіі, Казахстане ды іншых краінах у некаторых беларускіх сем’ях памятаюць: 17 верасня — гэта пераломны момант і ў гісторыі іх роду.
Па дамове польскі бок павінен быў забяспечыць суверэнітэт далучаных беларускіх зямель, у выніку выйшла інакш — пачалася актыўна праводзіцца палітыка апалячвання, акаталічвання, папросту нацыянальна-культурнага прыгнёту. Дзейнічала забарона на зварот грамадзян у дзяржаўныя органы ўлады на беларускай мове. Да 1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы, ліквідаваная была беларуская прэса, выдавецтвы, бібліятэкі… У адказ на такую палітыку разгарнулася падпольная і партызанская барацьба пад эгідай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Прычым важную ролю у ёй адыграла моладзь. Рух мацнеў. І за гэты час беларускі народ атрымаў палітычны досвед, вызначыў свой незалежны шлях. Мы павінны памятаць, з якой працай нашы продкі дамагаліся незалежнасці і права называцца народам, павагі і прызнання на міжнароднай арэне.
Сярод беларускіх пісьменнікаў і паэтаў былі тыя, хто стаў удзельнікам тых падзей. Як вядома ўсім са школы, вызваленне Заходняй Беларусі Максім Танк сустрэў вершам «Здарова, таварышы!» Сам актыўны змагар за ўз’яднанне Бацькаўшчыны, ён і ў турме, у віленскіх Лукішках сядзеў за сваю патрыятычную дзейнасць. А другі класік, Янка Брыль, у верасні 39-га быў жаўнерам у Войску польскім. У многіх творах — згадаем раман Піліпа Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», зборнікі вершаў Максіма Танка, творы Янкі Брыля «Сірочы хлеб», «Птушкі і гнёзды», — знайшлі адлюстраванне тагачасныя падзеі. Згадваючы пра даўні час, калі беларускі народ быў разарваны, мы аддаем даніну павагі тым сынам Бацькаўшчыны, хто набліжаў доўгачаканае свята. Дарэчы, у жніўні 45-га была прынята пастанова ЦК КП(б)Б: «Аб падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 17 верасня — Дня ўз’яднання беларускага народа ў адзінай Беларускай дзяржаве».
Беларусы даказалі, што здольныя стварыць сваю палітычную сістэму, захаваць код нацыі. У сувязі з гэтым Дзень народнага адзінства будзе не толькі служыць напамінам аб гістарычным мінулым, але і будзе своеасаблівым пасылам у будучыню, бо мы любім сваю краіну, сваю родную Беларусь.