Беларускі празаік Уладзімір Гаўрыловіч прэзентаваў кнігу «Сэрца сваё не падманеш…»

Великая Победа Культура Общество

Да 80-годдзя ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны прысвяціў прэзентацыю сваёй кнігі  «Сэрца сваё не падманеш…» вядомы беларускі празаік Уладзімір Гаўрыловіч.

Сустрэча пісьменніка з чытачамі адбылася ў рамках прайшоўшага ў горадзе над Сожам фестывалю кнігі “#ЧытайГомель”. Кніга прозы “Сэрца сваё не падманеш…”  выйшла ў сакавіку бягучага года ў старэйшым беларускім выдавецтве “Беларусь”.

Як адзначыў напачатку сустрэчы пісьменнік, з вядучым выдавецтвам краіны ён супрацоўнічаў ўпершыню.

– Але і таго часу, калі вялася праца па падрыхтоўцы выдання, было дастаткова, каб зразумець, што ў “Беларусі” працуюць не толькі прафесіяналы сваёй справы, але і шчырыя, камунікабельныя людзі, якія любяць сваю справу, – падкрэсліў Уладзімір Гаўрыловіч. І, выказваючы цёплую падзяку за супрацоўніцтва, павіншаваў калектыў старэйшага выдавецтва са слаўным 100-годдзем, а затым  прадставіў чытачам кнігу.

Прынамсі, шырокаму чытачу першы і трэці раманы, змешчаныя ў ёй, былі і  раней знаёмы, бо выходзілі асобнай кнігай, а вось другі раман з трылогіі друкаваўся толькі ў часопісным варыянце ў “Полымі”. Таму цалкам трылогія на рэспубліканскім узроўні апублікавана ўпершыню.

На думку стваральніка мастацкіх твораў, паліграфічнае выкананне выдання атрымалася цёплым, удала “ахоплівае” сюжэтную лінію і афармленне. Далей аўтар коратка зрабіў акцэнты на сюжэце трох раманаў, якія пісаліся на працягу 20 гадоў і, дарэчы, маюць пад сабой рэальную аснову.

У першым рамане “Забранае шчасце” падзеі разготваюцца на Палессі, у родных мясцінах пісьменніка (гэта турава-жыткавіцкі край), пачынаючы з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Героі твора кахаюць і церпяць ад калектывізацыі, праходзяць праз раскулачванне і высяленне. Галоўны герой, Рыгор Расевіч, – з багатых, а пасля раскулачаных хутаранцаў, збег з турмы і некалькі гадоў хаваецца ад арышту ў балотным лесе на Палессі, а мясцовыя людзі яму дапамагаюць выжыць. Знайсці ўцекача даручана міліцынеру Коршаку і старшыні сельсавета Мірончыку. Галоўная гераіня – Рыгорава каханая Верка, з якой не дазволіў ажаніцца бацька Рыгора, бо дзяўчына бедная, бацькі яе памерлі, вымушана выйсці замуж за Рыгорава сябра Ігната, нараджае ў шлюбе сына. Ігнат не здагадваецца, што росціць не свайго сына. Рыгор раскрывае яму ўсю праўду, расказвае пра сваё даўняе каханне да Веркі і што сябар гадуе яго сына. Рыгор паведамляе Ігнату пра золата, якое яму дасталося ад багацея-бацькі, а сам вырашае здацца ўладам. Характарныя вобразы следчых, начальніка міліцыі, вяскоўцаў… і цяжкія выпрабаванні, праз якія прайшлі людзі.

Другі раман “Сэрца сваё не падманеш…” –  перад вайной Ігнат становіцца старшынёй калгаса. Але на парозе вайна.  Коршак, які арыштоўваў некалі яго сябра Рыгора Расевіча, стаў начальнікам міліцыі, ажаніўся, мае гадавалую дачку. Вораг наступае. Перад акупацыяй Коршак пакідае сваю сям’ю у тыле, у далёкай вёсцы, дзе яго жонку не ведаюць, у Ігната і Веркі (яна стала вядомай трактарысткай), а сам ідзе ваяваць. Прыдумана легенда: нібыта гэта жонка Ігнатавана брата… Партызанскія дзеянні на Палессі. Знішчэнне паліцэйскага гарнізона на Каляды. Героі — хто на фронце, хто ў палоне, хто ідзе на службу ў паліцыю. Пра Расевічаў усе забыліся, акрамя Веркі, напамінанне пра былога каханка – сын Ваня. На яе руках яшчэ двое маленькіх дзетак. Ігнат эвакуіруе гаспадарку, трапляе пад бамбёжку, яго параніла. Пасля трапляе ў палон, у канцлагер. Мясцовыя бандыты, ворагі савецкай улады, расправіліся са свёкрамі за незгаворлівасць Ігната – у агні хутарской хаты згараюць не толькі бацькі, але і малыя дзеці Веркі і Ігната.  Цудам застаўся жывы старэйшы, Ванька. Верка ў роспачы, ледзьве не памірае ад гэтых страт… Жонка Коршака падтрымлівае яе.  Ачуняўшы, Верка даведваецца, што муж у канцлагеры. Верка успамінае пра золата, пакінутае былым каханкам Рыгорам, і выкупляе за царскія манеты мужа і яшчэ некалькі камуністаў з гомельскага канцлагера смерці.  Ігнат і Коршак цяпер у партызанах. Жыццё ў страху ў акупацыі. Нехта стаў паліцаем. Нехта партызаніў. Вайна раздзяліла былых сяброў. Галерэя цікавых вобразаў і імклівых, часам страшных падзей. Але і тут ёсць месца каханню, а галоўнае – вернасці краіне і справядлівасці…

Падзеі ў трэцім рамане “Палешукі” разгортваюцца ў сённяшнія дні. Сын Веркі і Рыгора Іван (ён лічыць за бацьку Ігната, які загінуў перад вызваленнем у партызанах) – вядомы і аўтарытэтны на ўсю Беларусь кіраўнік моцнага калгаса, па-сутнасці сучаснай аграгаспадаркі, але з ранейшай формай кіраўніцтва – калектыўнай.  Толькі што узнагароджаны прэзідэнтам Беларусі орлэнам. Але ў яго зацяжны канфлікт з асобнымі мясцовымі чыноўнікамі, бо гаспарад ён моцны, цвёрда стаіць за людзей і калгас, які некалі ствараў яго бацька, не хоча яго рэфармаваць дзеля незразумела чаго па загаду, гаспадарыць розумам, а не падказкай зверху. Толькі час і яму на пенсію, таму марыць, каб яго адзіны сын стаў прадаўжальнікам аграрнай справы. Аднак сын замест практыкі, працы на зямлі выбраў навуку,  яму ўсё ж бліжэй гарадское жыццё. Бацька спадзяецца, што сын  ўсё-такі прадоўжыць яго справу.

Івана  надта  хвалюе і здароўе дзевяностагадовай маці – вельмі паважаны яна на вёсцы і чулы, спагадлівы чалавек. Былая перадавіца-даярка Верка ніяк не хоча турбаваць сына і пераехаць дажываць свой век у сынаў катэдж са сваёй вёскі. Яна жыве так, як жыла заўсёды, у сваёй хаце, шчыравала на гародзе, нават у такім узросце і парсючка трымала. А Каляды для яе, калі “брала парсючка ў рукі” і раздавала гасцінцы – самае цудоўнае свята, калі збірае разам сваю невялікую сям’ю, суседзяў, калі ў хаце гучыць песня. Але так не здарылася ў гэты год…

У раёне усё ж вырашаюць за незгаворлівасць адправіць старшыню калгаса на пенсію і знянацку прызначаюць, каб ён нават не ведаў,  справаздачна-выбарны сход. У той жа момант з далёкай Поўначы, калі Верка забіла кабанчыка і чакала ў госці сям’ю і ўнукаў,  на імя старшыні Бечынскага сельсавета прыходзіць па пошце незвычайная пасылка. У ёй… урна з прахам таго самага выгнанніка з роднай зямлі, яе каханага Рыгора Расевіча… Ды прыкладзена пісьмо яго сябра. Землякі з роднай вёскі знайшлі Верку і прывезлі ёй дахаты урну.

Аказваецца, Рыгор, пра якога нічога не было вядома столькі дзесяцігоддзяў,  ваяваў, меў баявыя ўзнагароды, а пасля заканчэння вайны зноў несправядліва арыштаваны. Але ж хутка рэабілітаваны.  На радзіму не вярнуўся. Застаўся жыць на Поўначы. Пісаў лісты ў родную вёску, шукаў хоць якіх звестак пра Верку, але нічога з гэтага не атрымалася. Адказ – яна выбыла за межы раёна. І кропка. Пражыў доўгае жыццё. Настаўнічаў. І завяшчаў, каб пахавалі яго ў роднай зямлі, каб, калі яшчэ жывая, зрабіла гэта яго каханая…

Развязка: заўтра ў маці пахаванне, а сын толькі цяпер ад яе даведваецца, хто яго сапраўдны бацька. І ў гэты ж момант, яго не можа не турбаваць, хто пасля яго сыходу з пасады старшыні гаспадаркі будзе працягваць хлебаробскую справу…

Праз непаўторныя, у многім трагічныя лёсы палешукоў, якія насуперак усяму імкнуцца да шчасця, у творы ствараецца шырокая панарама народнага быцця.

Пісьменнік адказаў на пытанні чытачоў, якія датычыліся як гісторыяй стварэння твора, так і яго прататыпаў. А на завяршэнне прэзетацыі падкрэсліў:

– Тры раманы ахопліваюць амаль цэлае стагоддзе жыцця нашага гарода. Каханне і здрада, адданасць справе і абыякавасць да існага, імкненне да справядлівасці і пераадоленне ўсяго бесчалавечнага выяўляюць самыя розныя рысы характараў маіх герояў, падкрэсліваючы: ніхто і нішто не можа скарыць наш народ, які жыве па адвечных законах дабра і справядлівасці. Спадзяюся, што працаваў над творамі я не дарэмна, і яны знойдуць водгук у сэрцы і душы дапытлівага чытача…

Мікалай ІГНАТОЎСКІ

Фота: у час прэзентацыі новай кнігі “Сэрца сваё не падманеш…”

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *