У апошнія два месяцы ў Ельскім цэнтры рамёстваў з’явіліся новыя творчыя работы, якія здзіўляюць сваёй прыгажосцю і каларытнасцю. Так, са з’яўленнем у калектыве новага чалавека – майстра народных рамёстваў Вольгі Мельнік – дзейнасць установы набыла яшчэ адзін новы накірунак – пашыў адзення і аксесуараў у нацыянальным стылі.
Малады майстар Вольга Мельнік – ураджэнка Ельска. Скончыўшы сярэднюю школу № 2 г. Ельска, дзяўчына паступіла ў Баранавіцкі каледж лёгкай прамысловасці, дзе набыла спецыяльнасць мадэльера-канструктара. Пасля заканчэння каледжа ўладакавалася працаваць па спецыяльнасці на фабрыку «Надэкс» у Мазыры, дзе атрымала першы вопыт і навыкі ў прафесіі.
У хуткім часе дзяўчына выйшла замуж, нарадзіла двух дзетак – дачушку Дашу і сына Дзіму. Разам з мужам Анатолем пабудавалі ў Ельску дом. Таму, калі скончыўся водпуск па доглядзе дзіцяці, прызналася Вольга, ездзіць працаваць у Мазыр, калі сям’я ў Ельску, сэнсу не было. Яна вырашыла ўладкавацца на работу на месцы.
– Лічу, што мне проста вельмі пашанцавала, – гаворыць Вольга. – Я звярнулася ў раённую службу занятасці з просьбай дапамагчы працаўладкавацца. Мне параілі звярнуцца ў цэнтр рамёстваў. І вось я тут ужо некалькі месяцаў. Калектыў цэнтра – проста выдатны, таленавіты. Усе адносяцца адзін да аднаго добразычліва. Я вельмі шчаслівая, што працую тут. І людзі харошыя, і займаюся любімай справай.
Ганна Гаўрылава
Поўны тэкст надрукаваны ў гацезе «НГ» 14 красавіка пад назвай «Калі справа па душы – вырастаюць крылы»