ЗВАРОТ ДА ЧЫТАЧОЎ СТАРШЫНІ ГОМЕЛЬСКАГА АБЛАСНОГА АДДЗЯЛЕННЯ ГА “САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ” УЛАДЗІМІРА ГАЎРЫЛОВІЧА З НАГОДЫ 100-ГОДДЗЯ НАРОДНАГА ПІСЬМЕННІКА БЕЛАРУСІ ІВАНА ПЯТРОВІЧА ШАМЯКІНА
Паважаныя чытачы! Дарагія землякі!
100 гадоў назад на добрушскай зямлі, у вёсцы Карма, у сям’і лесніка Пятра Шамякіна, з’явіўся на свет хлопчык Іван. Яго маленства прайшло на ўзлонні прыгоды, непаўторнага хараства краявідаў беларускага Прыдняпроўя. Невыпадкова і праз дзесяцігоддзі, куды б не закінуў пакручасты лёс, ён не раз згадае дарагія яму сэрцу назвы: Карма, Воленка, Пракопаўка, Макаўе, Краўцоўка, Церуха, Гомель, Сож, бо менавіта тут ён далучаўся да душэўнай прыгажосці палешукоў, фарміраваўся як асоба і творца. І быў удзячны за выдатныя ўрокі, жыццёвы вопыт сваім блізкім, землякам і роднай зямлі.
Перакананы: сёння імя Івана Пятровіча Шамякіна – аднаго з самых выдатных і вядомых беларускіх празаікаў – ведае кожны паважаючы сябе беларус. Больш чым паўстагоддзя ён аддаў працы ў літаратуры, пакінуў нам у спадчыну самы сапраўдны мастацкі летапіс народнага лёсу нашай краіны. 12 раманаў, 26 аповесцяў, 10 п’ес, некалькіх дзясяткаў апавяданняў, 130 выдадзеных кніг, што выйшлі агульным тыражом звыш 25 мільёнаў экземпляраў – на рахунку адметнага майстра сюжэтаў, падказаных перажытым асабіста, землякамі, шматлікімі сустрэчамі на дарогах двух стагоддзяў.
На жыццё Івана Шамякіна прыпала Вялікая Айчынная вайна: ён ваяваў супраць фашызму з першага да апошняга дня. І не выпадкова заявіў аб сабе ў літаратуры менавіта як аўтар твораў на ваенную тэму (згадаем аповесць “Помста” (1945); а раман “Глыбокая плынь”(1949) – па сутнасці, першы маштабны твор у беларускай пасляваеннай прозы, які раскрыў савецкаму чытачу веліч падзей гераічнай партызанскай барацьбы, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі).
Гэтыя і іншыя мастацкія творы яскрава засведчылі: падзяляць лёс свайго народа ў самыя цяжкія моманты гісторыі для Івана Пятровіча – не проста словы, а сутнасць яго жыцця, як літаратара і грамадзяніна.
На вачах пісьменніка адбываліся змены і многія падзеі ў грамадстве, аднак нераўнадушным да лёсу свайго народа ён не будзе ніколі.
Праблемы ж сучаснасці ў яго далейшай творчасці, пачынаючы з 60-х гадоў, сталі асаблівай мастакоўскай рысай. Шамякінская проза – актуальная і надзённая, шматпланавая, яна адлюстроўвае ў гэты перыяд яго творчасці пераважна бягучы дзень сучаснага жыцця. Героі літаратара – людзі блізкія і зразумелыя чытачу. І не выпадкова творы таленавітага пісьменніка становяцца надзвычай папулярнымі адразу ж пасля першай публікацыі ў часопісе ці выхаду асобнай кнігі.
Асаблівай народнай любоўю карысталіся і карыстаюцца дагэтуль буйныя эпічныя творы – раманы “Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Снежныя зімы”, “Атланты і карыятыды”, “Вазьму твой боль”, пенталогія “Трывожнае шчасце”, аповесці “Гандлярка і паэт”, “Шлюбная ноч”, напісаныя ў 60-70 гады, раманы “Петраград-Брэст”, “Зеніт” і інш., створаныя ўжо ў 80-х.
Справядліва тагачасныя крытыкі і літаратуразнаўцы заўважаюць, што творчасць Шамякіна – дакладнае люстэрка бягучай плыні чалавечага быцця з яго яшчэ неўстаялымі, не завершанымі працэсамі, дзе так шмат значаць воля чалавека, яго імкненні, талент і працаздольнасць.
Чужым болем, чужым клопатам, чужым лёсам запальвае сэрцы чытача пісьменнік і ў пазнейшым рамане “Злая зорка”, які выйшаў з друку ў 1991 годзе, калі Іван Пятровіч Шамякін перажываў перыяд чалавечай мудрасці і адначасова новых творчых узлётаў і пошукаў. Каб стварыць такі маштабны і праўдзівы твор ён наведваў пацярпелыя ад чарнобыльскай бяды куткі роднай Гомельшчыны, сустракаўся з людзьмі, бачыў іх бяду, падбадзёрваў, як мог…
Творча, плённа і самааддана працаваў народны пісьменнік Беларусі ў апошнія гады свайго жыцця. Напісаныя ім аповесці “Слаўся, Марыя!”, “Пошукі прытулку”, “Губернатар”, бясспрэчна, сталі адметнай з’явай у сучаснай беларускай літаратуры.
Як вядома, І. Шамякін быў актыўным грамадскім дзеячам (дэпутатам розных узроўняў, у тым ліку, Вярхоўнага Савета СССР, 14 гадоў працаваў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, старшынёй Беларускага камітэта абароны міру…).
Іван Пятровіч да самых апошніх дзён меў непарушную сувязь з роднай зямлёю. Многіх здольных маладых літаратараў – выхадцаў з Палесся, цяпер вядомых пісьменнікаў – ён падтрымаў як добрым словам, парадай ці своечасовай публікацыяй, заўсёды з шчырым сэрцам прымаў у сябе дома землякоў, распытваў пра ўсё, што адбывалася на малой радзіме. І гэта таксама вельмі дапамагала яму адчуваць подых жыцця, каб ствараць сапраўды народныя мастацкія творы.
16 гадоў Івана Пятровіча няма разам з намі. Але жывуць яго кнігі. Жыве памяць аб ім у тых людзей, каму пашчасціла ведаць яго асабіста, сустракацца з Майстрам слова. Будучы студэнтам і я меў кароткую, можна сказаць, нават шапашную, сустрэчу з літаратарам: запамятаў яго прастату, чалавечнасць і ўважлівасць да кожнага чытача. Толькі вось грошай, каб купіць новую кнігу і атрымаць аўтограф у студэнта, які прыехаў за ведамі з далёкай палескай вёскі ў сталіцу, на жаль, тады не знайшлося…
Няма сумнення, што імя пісьменніка захаваецца ў памяці нашчадкаў, бо зробленае ім значна ўзбагаціла скарбніцу не толькі нацыянальнай, але і сусветнай культуры.
У гонар класіка беларускай літаратуры, яго паплечнікаў — літаратараў-землякоў па ініцыятыве Гомельскага абласнога аддзялення СПБ 2021 год аб’яўлены на тэрыторыі Гомельшчыны Годам класічнай літаратуры і чытання. Напярэдані мы агучылі і вынікі адкрытага літаратурнага конкурсу “Сям’я – аснова шчасця і кахання”, праведзенага з нагоды 100-годдзя І.П.Шамякіна. Хачу падкрэсліць: шмат добрых твораў даслалі прафесіяналы і аматары мастацкай творчасці на гэты конкурс, яскрава пацвердзіўшы, што жыве удзячнасць чытачоў да Івана Пятровіча ў памяці і сэрцах чытачоў.
Нам, паслядоўнікам Шамякіна, вельмі важна, каб сённяшняе пакаленне не цуралася літаратуры, кнігі, нашага вялікага духоўнага багацця. Гэтага, заўважу, хацеў і Іван Пятровчі. Так, у адным са сваіх апошніх інтэрв’ю маёй калезе Тамары Кручэнка ён выказаў нам, сучаснікам, своеасаблівы запавет: “Каб гадавалі душы свае, не апускаліся да дробязяў у чалавечых стасунках, каб звярталіся да творчасці класікаў, чыталі іх!”
Дык давайце пачуем Івана Пятровіча!
Давайце завітаем ў бібліятэку разам, і дарослыя і дзеці, возьмем і прачытаем (ці перачытаем!) таленавітыя творы нашага земляка! Упэўнены: атрымаем ад гэтага занятку вялікае задавальненне!
Са 100-годдзем са дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна, дарагія землякі!