У Гомельскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі падвялі вынікі адкрытага абласнога літаратурнага конкурсу “Сям’я – аснова кахання і шчасця”, прысвечанага 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.
На конкурс было даслана звыш 130 эсэ і замалёвак практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі. Асабліва актыўнымі былі жыхары Гомельскай вобласці – землякі Івана Шамякіна. Сярод пераможцаў літаратурнага конкурсу ёсць і ельчане. Гэта настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 2 г. Ельска Алена Шыкун, вучаніца Ельскай раённай гімназіі Вікторыя Казлова і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Двіжкаўскага яслей-сада – базавай школы Марына Бараноўская. Яны ўзнагароджаны спецыяльнымі дыпломамі Савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Аргкамітэт выказаў падзяку ўсім аўтарам, якія дасылалі сваю працу на творчы конкурс. Уручэнне дыпломаў лаўрэатам адкрытага абласнога конкурсу адбудзецца ў маі 2021 года, у г. Гомелі, у час правядзення фестывалю “#ЧЫТАЙГОМЕЛЬ”.