Сітуацыя «першы раз у першы клас» у іх жыцці адбывалася двойчы. Калі прыходзілі ў школу вучнямі, а праз многа гадоў – маладымі настаўнікамі.
У новым навучальным годзе ў школы і дашкольныя ўстановы Ельскага раёна прыбылі на працу 9 маладых спецыялістаў, шасцёра з іх – педагогі, паведамілі ў адделе адукацыі Ельскага райвыканкама. Пяцёра маладых спецыялістаў маюць вышэйшую адукацыю, сямёра – ураджэнцы Ельшчыны.
Так, настаўніцай замежнай мовы ў сярэдняй школе № 2 г. Ельска будзе працаваць Анжаліка Сышчанка, настаўнікам працоўнага навучання ў Дабрынскай сярэдняй школе – Станіслаў Гарбоўскі. Два спецыялісты прыступілі да выканання сваіх абавязкаў у дашкольных установах: выхавацель Яна Цімошчанка ў Дзвіжкаўскім яслях-садзе – базавай школе і дэфектолаг Аляксандра Бандарэнка – у яслях-садзе № 5 г. Ельска. У гэтым жа дзіцячым садку пачаў сваю працоўную дзейнасць і малады повар Нікіта Ахраменка.
Адразу два маладыя спецыялісты прыступілі да працы ў Качышчанскай сярэдняй школе. Біялогіі і хіміі дзяцей у гэтай установе адукацыі з пачатку навучальнага года будзе вучыць Віталь Будзішэўскі. Таццяна Раманава тут жа працуе інжынерам-праграмістам. Пра работу маладых спецыялістаў мы спыталі ў дырэктара Качышчанскай сярэдняй школы Алены Чэчка.
– Ад таго, як прымуць маладога спецыяліста ў калектыве, залежыць, застанецца ён працаваць у гэтай школе або пасля завяршэння абавязковага тэрміну адпрацоўкі пачне сабе шукаць іншае месца працы, – упэўнена Алена Віктараўна. – Малады настаўнік Віталь Дзмітрыевіч – мой былы вучань, чалавек добра знаёмы, прыступіў да сваіх настаўніцкіх абавязкаў з добрым настроем. Мы ў сваю чаргу будзем аказваць яму сваю падтрымку, дзяліцца вопытам. Яшчэ адзін малады спецыяліст – Таццяна Генадзеўна – працуе інжынерам-праграмістам ужо з ліпеня. Яна адказвае за праграмнае забеспячэнне камп’ютараў, вядзе сайт школы.
Таццяна Раманава, ураджэнка Ельска, адзначыла, што калектыў школы сустрэў маладога інжынера-праграміста па-сяброўску. Старэйшыя калегі хутка ўвялі ў курс справы.
– Работа, якую мне даводзіцца выконваць, у цэлым добра знаёмая, – гаворыць Таццяна Генадзеўна, – і мне падабаецца. З добрым настроем прыходжу ў школу, працую з задавальненнем. Гэта маё першае працоўнае месца. Спадзяюся, не пашкадую, што трапіла сюды працаваць.
Ганна Булаўка
Тэкст надрукаваны ў газеце «НГ» ад 29 жніўня пад загалоўкам «Ізноў у школу»