У рамках праекта раёнкі «Успомнім усіх пайменна» ў рэдакцыю газеты звярнуўся ельчанін Мікалай Роганаў. Ен расказаў нам пра свайго цесця Аляксандра Мікалаевіча Патапенку, які прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну і вярнуўся дамоў з перамогай.
Вялікая Айчынная вайна адабрала жыцце ў мільёнаў людзей. На фронт ішлі хлопцы, сэрцы якіх хацелі радавацца жыццю, кахаць і быць каханымі. Але яны абаранялі сваю зямлю, бацькоў, братоў, сясцер і сяброў. Няпраўда, што яны не баяліся. Ім было вельмі страшна, калі патрэбна было падымацца з акопу, ісці на смерць, падстаўляць сябе пад кулі. Але яны ішлі і гінулі, каб жылі мы… І наш абавязак – берагчы і паважаць памяць пра гэтых герояў.
– За свой век Аляксандр Мікалаевіч Патапенка шмат чаго пабачыў і перажыў, – расказвае Мікалай Роганаў. – Нарадзіўся і вырас будучы салдат ў вёсцы Падгалле. Перад вайной працаваў настаўнікам у Сугакоўскай пачатковай школе. У 1938 годзе Аляксандра Мікалаевіча прызвалі ў армію. Тэрміновую службу ён праходзіў у Ленінградзе, ў 98-м артылерыйскім палку, удзельнічаў у Фінскай вайне. Прайшоў яе ад першага да апошняга дня. Гэта быў цяжкі час…
Неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая ўвайшла ў гісторыю як самая жорсткая і бязлітасная. З сям’і Патапенка на фронт пайшлі чатыры сыны і зяць. Аляксандр Мікалаевіч бачыў жахі блакаднага Ленінграда: голад, холад, смерць, якая хадзіла следам за людзьмі.
У адным з баёў бацька маёй жонкі быў паранены. Яго разам з іншымі раненымі салдатамі адправілі ў горад Свярдлоўск. А пасля шпіталя Аляксандра Мікалаевіча прызналі годным да нестраявой службы і накіравалі ў Іран, дзе таксама знаходзіліся савецкія войскі. Служыў ён у 56-й асобнай роце, разгружаў грузы, якія саюзнікі дастаўлялі для патрэб савецкай арміі. Затым там жа, у Іране, загадваў складам ваенна-паставой базы…
Матэрыял поўнасцю апублікаваны ў газеце «НГ» 12 лютага пад загалоўкам «Сустрэў брата на вайне»