Ельскі леспрамгас пачаў сваю дзейнасць у пачатку 30-х гадоў. Лес нарыхтоўваўся ўручную папярочнымі піламі. З цягам часу на прадпрыемстве былі механізаваныя не толькі валка і транспарціроўка лесу, але і яго тралёўка, а ўкараненне новай тэхналогіі з хлыстовай вывазкай драўніны дазволіла перавесці працэс раскрыжоўкі драўніны з лесасек на ніжнія склады.
У Ельскім леспрамгасе працуюць тры піларамы, якія выпускаюць лесапрадукцыю (драўніну, дровы, дошку абразную і неабразную, піламатэрыялы, дранку паліўную) для рэалізацыі спажыўцам і на экспарт (у Азербайджан, Румынію, Літву, Польшчу). Запушчаны мнагапільныя станкі «Мебар», якія дазваляюць выпускаць абразную дошку высокай якасці.
– Цяпер цяжка ўявіць рабочых з сякерамі ў руках, – гаворыць дырэктар Ельскага леспрамгаса Сяргей Доўгі. – Даўно сышлі ў мінулае ўстарэлыя спосабы нарыхтоўкі драўніны. Здавалася б, зусім нядаўняя нарыхтоўка драўніны хлыставым спосабам (калі ў лесе валілі дрэвы і цэлымі вывозілі на склад, дзе далей іх раскрыжоўвалі) гадоў пяць назад змянілася на больш сучасную, калі ўсе працэсы праводзяцца ў лесе, а ўжо апрацаваная драўніна паступае на склад і накіроўваецца на адгрузку.
Дырэктар леспрамгаса Сяргей Доўгі
Нядаўна набыты новыя лесанарыхтоўчыя комплексы «Харвестэр» і «Фарвардэр», так званыя стальныя браты-лесарубы. Харвестэр – гэта ўнікальная машына, якая ўяўляе сабой асноўную частку сучаснага лесанарыхтоўчага комплексу. Тэхніка замяняе брыгаду рабочых, працуе ў некалькі разоў больш эфектыўна і адрозніваецца павышанай праходнасцю. Калі харвестэр скончыў працу, гэта яшчэ не азначае, што ўвесь працэс лесанарыхтоўкі завершаны. Трэба яшчэ сабраць і перавезці сартыменты, аднак харвестэр зрабіць гэта ўжо не можа. Для такіх работ выкарыстоўваецца іншая машына – фарвардэр. У яго функцыі ўваходзіць праца па сартаванні, зборы і вывазу сартыментаў з месца, дзе адбываецца валка лесу. Працуючы ў пары, фарвардэр і харвестэр пераводзяць лесанарыхтоўчыя работы на зусім іншы ўзровень эфектыўнасці.
Трэба адзначыць, што аператары лесанарыхтоўчай тэхнікі працуюць вахтавым метадам кругласутачна. Для іх абсталяваны спецыяльныя вагончыкі з кухняй, дзе можна прыгатаваць сабе ежу, і з месцам для адпачынку.