На Ельскім хлебазаводзе, дзе хлеб выпякаецца толькі ў начную змену, удзень таксама кіпіць праца – кандытары займаюцца выпечкай кандытарскіх вырабаў.
– У асноўным мы займаемся выпечкай вядомага ўсім пячэння «Мінутка», «Ізюмінка» і «Палоска», – тлумачыць кандытар з 15-гадовым стажам Вольга Бараноўская. – За дзень, напрыклад, выпякаем каля 30 кілаграмаў кандытарскіх вырабаў, у тым ліку палоскі з павідлам – каля 20 кілаграмаў.
Не адрываючыся ад працэсу вытворчасці, Вольга Бараноўская падзялілася сакрэтам прыгатавання вядомай усім ельскай палоскі з павідлам.
– Спачатку ўзбіваем цукар з маргарынам, затым дамешваем да іх муку, – гаворыць вопытны кандытар. – Атрыманае пясочнае цеста раскатваем і намазваем павідлам, закрываем яшчэ адным слоем цеста. Пасля гэтага атрыманы прадукт ставім на 20-25 мінут у печ. Вось і ўвесь сакрэт. Тэхналогія вырабу пячэння «Мінутка» прыкладна ж такая.
Вядома, што кандытарскія вырабы Ельскага хлебазавода карыстаюцца попытам у мясцовых жыхароў, іх любяць і дарослыя, і дзеці.
Ганна Гаўрылава