У жыхароў вёскі Валаўск Пятра і Наталлі Лінкевіч добра растуць не толькі памідоры, капуста, бульба, але і нетрадыцыйная для нашых мясцін культура – кавуны.
Калі за ўраджай агародніны адказвае гаспадыня, то кавуновая бахча – зона дзеяння Пятра Пятровіча. Ён некалькі гадоў ужо займаецца вырошчваннем гэтай цеплалюбівай расліны.
– Кавуны – культура цеплалюбівая, любяць расці на адкрытых сонечных участках, – падзяліўся сакрэтам Пётр Пятровіч. – У нас яны растуць, напрыклад, на адным і тым жа ўчастку, на іншых ім не падабаецца. Заўсёды набываю насенне буйных ранніх кавуноў, праўда, спрабавалі вырошчваць кавуны з насення ўласнага ўраджаю, але добрых вынікаў не атрымалася. У гэтым годзе ў нас тры гатункі. Першы раз пасеялі кавуны з жоўтай мякаццю. Што атрымаецца – пабачым, бо яшчэ пакуль кавуны не паспелі.
Штогод ураджай кавуноў, адзначылі гаспадары, атрымліваецца добры, кавуны вялікія і сакавітыя, важаць па 5 – 6 кілаграмаў. Адзін з рэкордаў – кавун вагою 15 кілаграмаў – быў пазалетась.
Сёлета, дзякуючы стараннасці гаспадароў, кавуны таксама выраслі добрыя. Спрыяла ім і надвор’е: дожджыкі палівалі ўсё лета і далі магчымасць наліцца сокам, а сонейка дапамагала паспець.
– Вырошчваць кавуны – вялікае задавальненне, – гаворыць Пётр Лінкевіч. – Мы аднолькава радуемся, калі кавуны дружна ўзыходзяць і калі плятуцца па градзе, калі наліваюцца сокам і калі спрабуем іх – такія духмяныя і сакавітыя.
Ганна Гаўрылава