Як людзі грошы з лесу носяць: збор чарніц у Ельскім раёне

Общество

Сапраўднае чорнае золата Палесся – гэта не нафта. Сапраўднае чорнае золата Палесся з’яўляецца штогод у сярэдзіне лета ў лесе і расце на маленькіх кусціках. Прыкладна за адзін месяц аматары збору чарніц – а гэта і ёсць чорнае золата – палешукі  могуць даволі добра зарабіць.

Чарнічны сезон працягваецца прыкладна месяц. Многія людзі чакаюць яго ўжо з вясны: бываюць у лесе, углядаюцца ў чарнічнік: ці цвіце, ці ягадкі не асыпаюцца. Сёлета чарніц у нашых лясах дастаткова. Ды і цана на ягады даволі прывабная: зараз яна паднялася да 3 рублёў за кілаграм. Колькі можна зарабіць за чарнічную пару, ваша пакорная слуга асабіста праверыла на сабе.

Дачакаўшыся разгару сезону і доўгачаканага адпачынку, я накіравалася ў бліжэйшыя лясы сваёй малой радзімы на пошукі ягад. У многіх лагчынках, дзе звычайна я збіраю чарніцы, людзі ўжо пабывалі, таму асаблівага ўраджаю там не было. Але ж у некаторых мясцінах ягады былі некранутыя, таму за тры гадзіны я з дапамогай грабёнкі напоўніла свой кашэль «чорным золатам». А гэта кілаграмаў 15–17 будзе. Пагрузіўшы здабычу на скутар, накіравалася дадому. У вёсцы здаць ягады не праблема. Бусы нарыхтоўшчыкаў пад’язджаюць пад самую хату адзін за другім. Самыя шустрыя і кемлівыя чакаюць ягаднікаў прама каля выхадаў–уваходаў у лес.

Цана на ягады мяняецца амаль кожны дзень. У час майго заробку яна складала ад 2,2 рубля да 2,8 рубля за кілаграм. Такім чынам, мой кашэль каштаваў больш за трыццаць рублёў. У некаторыя дні набытак дасягаў да 60 рублёў. Адным словам, за дзесяць дзён на цэлую зарплату ягад назбірала. Хаця заробак і цяжкі, але ж такі прывабны! Толькі не лянуйся, збірай грошы пад нагамі.

Праўда, мае землякі, руплівыя валаўцы, і не лянуюцца. У лес ходзяць усе – ад старога да малога, ходзяць сем’ямі. Дарослыя ідуць у лес, каб зарабіць капейку, якая ніколі не бывае лішняй. Моладзь «мяняе» чарніцы на смартфоны. Дзеці – на адзенне і прысмакі, дапамагаюць бацькам. За дзень на ягадах можна зарабіць ад 20 да 80 рублёў, часам і больш. А калі цэлая сям’я пабывае ў лесе – прыбытак даволі значны.

Так, жыхарка вёскі Валаўск, Марыя Галіцкая, чарнічнага сезону штогод чакае з нецярпеннем. Разам з дзецьмі штодзень яна накіроўваецца ў лес, каб назбіраць ягад. Не адстаюць ад яе і дачушкі Эла і Віта. Заробленыя грошы становяцца добрай падтрымкай да новага навучальнага года. А пра працавітасць і веданне цаны грашам і гаварыць не трэба.

Ходзяць у лес і бабулі-пенсіянеркі, якім за семдзесят ужо. Некаторыя з чытачоў могуць пакпіць: пенсіі ім не хапае! Хапае, даражэнькія, хапае, але ж не можа дазволіць пакаленне мінулага стагоддзя, прывучанае да цяжкай працы, каб дабро ў лесе прападала, а грошы пад нагамі несабраныя заставаліся. Таму, нягледзячы на боль у спіне, руках-нагах, з ранку накіроўваюцца бабулі з кашалямі ў лес, каб чарніц назбіраць, частку з якіх насушыць можна, а частку і на грошы здаць.

Паляванне на «блакітную» ягаду працягваецца. Калі вы яшчэ не былі ў лесе, схадзіце. Збор чарніц – сапраўды цяжкая праца, але вартая таго!

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *