На падворку Ганны Мішчанка з аграгарадка Кочышчы – небывалае рознагалоссе. Тут і рыкаюць, і кудахчуць, і рохкаюць.
У вёсцы сям’я Мішчанкаў – адна з нямногіх, хто яшчэ не адмовіўся ад дапаможнай гаспадаркі. З самага ранняга дзяцінства муж і жонка прывыклі да простага сельскага ладу жыцця: усё сваё жыццё прысвяцілі працы ў сельскагаспадарчай галіне і пры гэтым, колькі сябе памятаюць, заўсёды трымалі якую-небудзь жыўнасць дома.
Ганна Анатольеўна больш за 30 гадоў адпрацавала ў сельскай гаспадарцы: у Млынку, у Дуброве, ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання, а з 1987 года да выхаду на заслужаны адпачынак ўзначальвала мясцовае сельгаспрадпрыемства. Паспявала жанчына ўсюды: і на працы, і дома.
Хатнюю гаспадарку Ганна Анатольеўна вядзе разам з мужам Васілём Андрэевічам. Акрамя дзвюх кароў, сям’я трымае свіней і курэй. З нарыхтоўкай сена для кароў праблем не бывае: самі нарыхтоўваюць сена аса-бістым трактарам.
– Малако – дамашняе, а значыць, свае і смятана, і масла, і тварог. Усе прадукты харчавання ў нас экалагічна чыстыя: і гародніна, і мяса. Але і магазіннага часам хочацца, – смеючыся, дадае вясковая працаўніца.
Лішкі малака гаспадыня здае ў дзярж-прадпрыемства, хоць і за невысокі кошт, але і гэта добрая дапамога.
– Мне іншы раз кажуць: навошта ты карову ўзяла? – разважае Ганна Анатольеўна. – А я заўсёды адказваю, што гаспадарка нас, вясковых жыхароў, добра выручае, а хадзіць за ёй мне не ў цяжар. Я сябе не ўяўляю без гэтай працы. Чым жа тады займацца? Пакуль ёсць сілы, будзем з мужам працягваць весці гаспадарку, садзіць агарод, зямлю сваю апрацоўваць.
Простыя працаўнікі – звычайна вельмі сціплыя людзі, не любяць расказваць пра сябе, а ўсё больш пра сваіх жывёл і агарод. Гэтак жа і Ганна Анатольеўна з вялікім захапленнем расказала пра тое, як выводзіць сваю скацінку пасвіцца, як даглядае за кветнікам, багатым на розныя кветкі, асабліва ў летнюю пару.
І, гледзячы на гэтых працавітых людзей, яшчэ раз пераконваешся: пакуль такія ў нас ёсць, беларуская вёска яшчэ доўга будзе жыць.
Алесь Таполя