ФОТАРЭПАРТАЖ: Як праходзіць фестываль гарманістаў «Грай гармонік!» у Ельску

Актуальное Культура Новости Ельщины Общество

У Ельску прайшоў  Х  рэгіянальны фестываль «Грай, гармонік!», які сабраў сёлета больш за 300 гарманістаў і аматараў прыпевак з 17 раёнаў Гомельскай вобласці, некалькіх раёнаў Магілёўскай і Брэсцкай абласцей, а таксама з Украіны, Расіі і Малдовы.

Многія з гасцей і ўдзельнікаў фестывалю ўжо добра ведалі дарогу ў Ельск, таму новая сустрэча была асабліва шчырай і цёплай. Нягледзячы на тое, што артыстам праз нядоўгі час патрэбна было спаборнічаць за права звацца лепшымі гарманістамі і прыпевачнікамі, абдымкі сяброў былі моцнымі і радаснымі.

Юбілейны фестываль надоўга запомніцца яго ўдзельнікам не толькі конкурснай праграмай, але і шматлікімі мерапрыемствамі, якія папярэднічалі ёй. Так, у першы дзень фестывалю ў гарадскім Доме культуры за круглым сталом сустрэліся замежныя  творчыя дэлегацыі фестывалю, якія падзяліліся ўражаннямі пра змены, якія адбыліся на Ельшчыне з моманту апошняга іх наведвання горада,  абмеркавалі актуальнасць фестывалю, а гаспадары-ельчане пазнаёмілі гасцей з багатай творчай спадчынай раёна, прадэманстравалі відэа-фільмы і фотапрэзентацыі пра Ельшчыну.  Пасля гэтага замежныя госці накіраваліся на творчыя сустрэчы ў Старавысокаўскі сельскі Дом культуры і Валаўскі цэнтр народнай творчасці, дзе далі незабыўныя канцэрты для мясцовых жыхароў.

Праграма асноўнага дня фестывалю таксама была яркай і насычанай. Была арганізавана сустрэча замежных гасцей з кіраўніцтвам раёна, з тымі, хто стаяў у вытокаў фестывалю «Грай, гармонік!», хто імкнуўся аб’яднаць аматараў народнай творчасці на ельскай зямлі. Так, заслужаны дзеяч культуры, былы начальнік аддзела культуры райвыканкама Валерый Гейхман адзначыў, што пачынаўся фестываль як раённы агляд-конкурс выканаўцаў ігры на гармоніку. У 2000 годзе фестывалю быў прысвоены статус рэгіянальнага, у ім прынялі ўдзел 8 раёнаў Гомельскай вобласці. З кожным разам фестывальны рух на Ельшчыне пашыраўся. За дзесяць гадоў удзел у фестывалі прынялі больш за дзве тысячы чалавек – аматараў інструментальнай музыкі і народных  спеваў.

Сёлетняе свята пачалося з урачыстага шэсця дэлегацый удзельнікаў фестывалю, у якім гармонікі заліваліся на ўсе лады. Ельчане сустрэлі сваіх гасцей хлебам-соллю, павіталі  песнямі і танцамі. Старшыня Ельскага райвыканкама Уладзімір Бурмістраў, адкрываючы фестываль, цёплымі словамі павітаў удзельнікаў і гасцей фестывалю  «Грай, гармонік!» на гасціннай ельскай зямлі і пажадаў усім добрага  настрою, перамогі і  ўдачы ва ўсім.

Пастаноўшчыкам свята быў вядомы на Гомельшчыне рэжысёр Пётр Свярдлоў. У чарговы раз гэты таленавіты чалавек здзівіў ельчан і гасцей горада сваім прафесійным майстэрствам. Незабыўныя моманты цырымоніі адкрыцця фестывалю натхнілі канкурсантаў на перамогі.

Конкурсныя выступленні гарманістаў і прыпевачнікаў праходзілі ў гарадскім Доме культуры «Колас». Сёлета конкурс праходзіў па пяці намінацыях – «Вакальныя ансамблі з народнай манерай выканання», «Саліст-гарманіст», «Выканаўцы прыпевак», «Інструментальныя дуэты» і «Інструментальныя ансамблі».  Журы конкурсу ўзначаліў Валерый Бутыркін, дацэнт кафедры народных спеваў дзяржаўнага музычна-педагагічнага інстытута імені Іпалітава-Іванова (г. Масква), заслужаны дзеяч культуры Расійскай Федэрацыі.

Пасля праслухоўвання  ўдзельнікі і госці фестывалю давалі канцэрт у гарадскім скверы на галоўнай сцэне, на беразе возера. Трэба сказаць, што гэта было сапраўднае свята гармоніка – чароўнага народнага інструмента, традыцыі ігры на якім беражліва захоўваюцца і прапагандуюцца на ельскай зямлі.

Хочацца адзначыць, што дзясяты юбілейны фестываль «Грай, гармонік!» праходзіў вельмі яскрава і незабыўна. Для яго ўдзельнікаў, гасцей і аматараў працавала вёска Фестывальная, у якой свае сядзібы прадстаўлялі многія раёны Гомельшчыны. Так, напрыклад, на Веткаўскай сядзібе можна было навучыцца ткаць знакамітыя неглюбскія ручнікі. Брагінская сядзіба запрашала ўсіх на вясковае вяселле. І літаральна ўсё сваё творчае багацце прадэманстравала сядзіба, арганізаваная  гаспадарамі фестывалю – ельчанамі. Тут можна было адведаць мясцовых прысмакаў, навучыцца песням і танцам ельскага краю, атрымаць майстар-класы па розных рамёствах.

Наогул на вуліцах вёскі Фестывальнай кожны мог знайсці занятак па душы. Хочаце – вас намалюе сапраўдны мастак, хочаце – вас навучаць выцінанцы, хочаце – сфатаграфуйцеся на памяць са старадаўнімі гармонікамі, якія сабралі на сваёй выставе супрацоўнікі Ельскага краязнаўчага музея. Захаваць памяць пра фестываль гарманістаў можна было, набыўшы сувенірную прадукцыю, якую прадстаўлялі ельскія майстры. Для дзяцей таксама былі арганізаваны вясёлыя горкі і прадаваліся разнастайныя прысмакі.

Конкурс закончыўся. Журы нялёгка было вызначыцца з пераможцамі. Тым не менш, лепшыя былі вызначаны. Так, Гран-пры фестывалю «Грай, гармонік!» было ўручана ансамблю гарманістаў «Кармянскія прымакі» з Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Дарэчы, саліст ансамбля Аляксандр Шульга – наш зямляк, ураджэнец в. Мядзведнае. Першае месца сярод выканаўцаў прыпевак заняло трыа «Цімохі» з Лельчыцкага раёна. Сярод вакальных ансамбляў з народнай манерай выканання лепшым быў прызнаны народны ансамбль «Харошкі» з г. Хорашава (Украіна). У намінацыі «Саліст-гарманіст» пераможцам стаў Валерый Шаўчук з г. Кобрына Брэсцкай вобласці, а ў намінацыі «Інструментальныя дуэты» – Валерый Казлоў і Любоў Галубіцкая з Чачэрскага раёна. Першае ж месца ў намінацыі «Інструментальныя ансамблі» заняў зводны ансамбль Ельскага раёна. Прыз сімпатыі гледачоў атрымаў Фёдар Грыневіч, гарманіст Добрушскага раёна.

Усім пераможцам і ўдзельнікам фестывалю, а таксама гаспадарам сядзіб на вуліцы Фестывальнай, удзельнікам «Горада майстроў», мастакам Мікалаю Піліпчуку і Юрыю Фісюку былі ўручаны дыпломы і падарункі. Свой музычны падарунак ельчанам і ўдзельнікам фестывалю падарыў Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята».

Грандыёзны фестываль скончыўся, але надоўга застануцца ў людзей – і ўдзельнікаў, і гледачоў – незабыўныя ўражанні ад убачанага і пачутага на гэтым музычным фэсце. Спадзяёмся, творчага натхнення, станоўчай энергіі і бадзёрага настрою, атрыманых на фестывалі, хопіць да наступнага, адзінаццатага, фестывалю гарманістаў палескага краю.

Слова ўдзельнікам фестывалю «Грай, гармонік!»:

Пётр Свярдлоў, рэжысёр фестывалю:

–       Правядзенне фестывалю на ельскай зямлі – выдатная традыцыя. Калі не будзе гармоніка – не будзе стасункаў паміж людзьмі. Прыемна, што тут, на Ельшчыне, да гэтага музычнага інструмента змалку прывучаюць дзяцей. Значыць, фестывалю – быць!

Генадзь Аксёнаў, дыпламант і лаўрэат усерасійскіх міжнародных конкурсаў, прадстаўнік творчага цэнтра «Муравушка» з Маскоўскай вобласці:

–       Гармонік прызваны перадаваць гармонію душы чалавека. У вас вельмі многа гарманістаў, гэта проста прыемна ўражвае. Мы з задавальненнем прымаем удзел у фестывалі і з задавальненнем наладжваем адносіны з аматарамі ігры на гармоніку і аматарамі прыпевак.

Галіна Білецкая, заслужаны работнік культуры Украіны, кіраўнік народнага ансамбля «Вэсэлі музыкі» (г. Андрушоўка):

–       Фестываль прапагандуе народную творчасць, на якой мы ўсе ўзгадаваны. Ад правядзення такіх мерапрыемстваў хочацца працаваць і тварыць. А наша сяброўства – самае галоўнае ў фестывалі.

Васіль Іванчук, заслужаны работнік культуры Гагаузіі, заслужаны артыст Рэспублікі Малдова:

–       Фестываль гарманістаў аб’ядноўвае людзей. І галоўнае тут не перамога, а стасункі паміж людзьмі, сяброўскія адносіны і добразычлівасць.

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *