Чорныя байкі
У пад’ездзе шматпавярховага дома на вуліцы Бярозагорскай у Мінску пераконваемся, што пры жаданні выкрасці веласіпед сёння нескладана.
Веламаны
Каб не заносіць веласіпед у кватэру, многія пакідаюць яго без нагляду ў пад’ездзе. «У нас усе свае», — думаюць жыхары шматкватэрных дамоў. Аднак згодна са статыстыкай прыкладна ў палове выпадкаў веласіпеды выкрадалі менавіта з пад’ездаў. Зрабіць гэта можна за лічаныя секунды. Нават камеры відэаназірання не выратуюць. Зайшоў, перакусіў пасатыжамі замок, і памінай як звалі. Бестурботнасць саміх велаўладальнікаў толькі на руку зладзеям: хтосьці стрыножвае велік тонкім тросавым замком, а хтосьці і так не робіць.
Заходзім у пад’езд шматпавярховага дома № 8 на вуліцы Бярозагорскай у Мінску і пераконваемся, што пры жаданні выкрасці веласіпед нескладана.
— Мінулым летам з гэтага пад’езда «зрабілі колы» веласіпеду Aist. Прычым за тыдзень да інцыдэнту ўчастковы інспектар папярэджваў уладальніка, што пад’езд — небяспечнае месца для захоўвання транспарту, — старшы оперупаўнаважаны Кастрычніцкага РУУС Мінска Максім Вязовіч правярае, як справы ідуць зараз.
Унутры карціна тая ж: уздоўж сцяны прыпаркаваны ў рад чатыры дарослыя веласіпеды і пяць дзіцячых. Бяры не хачу! Тут жа стаяць каляска і два самакаты. Дарэчы, звычайна крадуць дарослыя мадэлі. У зладзеяў з 1990-х застаўся прынцып: дзіцячае не браць. Мы зазірнулі яшчэ ў два пад’езды, і там сітуацыя нічым не адрознівалася.
Максім ВЯЗОВІЧ аглядае прыпаркаваныя ўздоўж сцяны веласіпеды.
Логіка веласіпедыстаў зразумелая. Па-першае, не кожнаму пад сілу зацягнуць веласіпед на паверх. Па-другое, не ўсім хочацца заносіць брудны байк у кватэру. Добрае рашэнне праблемы знайшлі ў новых жылых комплексах, у тым ліку ў «Зялёных Горках» у Сеніцы. Там пабудавалі крытую велапаркоўку, абсталяваную сістэмай відэаназірання.
— Замок таксама павінен быць якасным. Тонкія тросавыя лепш не бярыце. Іх лёгка перакусіць. Блакатары колаў — абарона спрэчная. Злодзей не зможа паехаць на веласіпедзе, але зможа вынесці яго ў руках, — зыходзячы з вопыту расследавання велакрадзяжоў раіць начальнік аддзела крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС Мінска Канстанцін Блажэй. — Бярыце замкі-падковы, з якімі звычайным кусачкам не справіцца. Ёсць яшчэ самаробныя замкі, дзе злучаны сталёвы ланцуг з простым замком. З прыстасаваннямі такога плана зладзеі працаваць не любяць.
Для вопытных велазгоншчыкаў і добры замок не перашкода, калі вы павесілі яго на кола ці сядло, якія можна проста адкруціць. Таму звярніце ўвагу на GPS-трэкер, яго можна зашыць у раму ці руль і заўсёды ведаць месцазнаходжанне свайго байка.
Расставілі прыярытэты
Часцей за ўсё ў зводках згадваюцца веласіпеды Stels і Mongoose, бо гэта самыя распаўсюджаныя маркі. Дарагія байкі ў зводкі трапляюць рэдка. Аддаўшы за жалезнага сябра тысячу долараў, уладальнік яго ў пад’ездзе без нагляду дакладна не кіне. Увогуле, затрыманыя зладзеі тлумачаць, што прыярытэтаў сярод фірм і мадэляў у іх няма. Што ўдалося вызваліць ад замка, тое і пацягнуў. І няважна, гэта дарагая Merida ці бюджэтны Aist.
Тонкія тросавыя замкі лепш не бярыце. Іх лёгка перакусіць.
Скласці партрэт сярэднестатыстычнага веласіпеднага злодзея нерэальна. На крадзяжы двухколавага транспарту трапляюцца падлеткі і студэнты, злачынцы, якія выйшлі на волю, алкаголікі і наркаманы. Канстанцін Блажэй кажа, што часам крадуць нават тыя, у каго першапачаткова і намеру такога не было, і ў пацвярджэнне сваіх слоў прыводзіць прыклад:
— Сёння пацярпелы прынёс заяву аб крадзяжы самаката. Сталі разбірацца. Аказалася, хлопец пакінуў яго ў тамбуры крамы і нават не прышпіліў. Момант крадзяжу трапіў на камеру відэаназірання. Адзін з пакупнікоў на выхадзе схапіў самакат і ўцёк. Але самакаты крадуць рэдка. Уладальнікі не пакідаюць іх у пад’ездзе, бо іх захоўваць прасцей: склаў і паставіў у шафу ці на балкон.
І так бывае
Часам украдзеныя веласіпеды знаходзяць самым незвычайным чынам. Аднойчы на 102 патэлефанаваў мужчына і паведаміў, што яго веласіпед выкралі з пад’езда. Назаўтра пацярпелы знайшоў прапажу на звыклым месцы. Пазней высветлілася, што зладзеяў па дарозе з месца злачынства спыніў экіпаж ДАІ для стандартнай праверкі дакументаў. Арыенціроўкі аб крадзяжы на той момант яшчэ не было. Але інспектары перапісалі імёны падазроных веласіпедыстаў і серыйныя нумары іх байкаў. Спалохаўшыся, велазладзеі ноччу вярнулі байк на месца. Дарэчы, за крадзеж двухколавага транспарту можна трапіць у турму на цэлыя тры гады. Пакаранне да чатырох гадоў пазбаўлення волі прадугледжана ў тым выпадку, калі крадзеж здзейснены паўторна ці групай асоб.
Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку ведаюць шмат пацешных гісторый, калі ў момант крадзяжу нешта ідзе не па плане. Так, мінулым летам веласіпедны злодзей заснуў падчас злачынства. Яго затрымаў сам пацярпелы. Справа адбывалася ў адной з хрушчовак на вуліцы Кіжаватава. Мужчына з сынам вяртаўся дадому і ля пад’езда сутыкнуўся з чалавекам, які выносіў ягоны байк, што стаяў на лесвічнай пляцоўцы пятага паверха. Гаспадар спытаў, куды незнаёмец накіроўваецца з транспартам, на што атрымаў адказ: «На дыягностыку». Пацярпелы выхапіў з рук злачынца свой байк. Ад нечаканасці злодзей страціў раўнавагу і ўпаў. Калі прыехалі міліцыя і «хуткая», медыкі ўстанавілі, што мужчына моцна спіць. У міліцыі высветлілі, што раней ён неаднаразова судзімы за крадзяжы.
У актыўным пошуку
Крадзенае разыходзіцца рознымі шляхамі. Часцей за ўсё байкі з цёмным мінулым крыміналітэт за паўцаны скідвае на інтэрнэт-барахолках. Часам крадзеныя веласіпеды партыямі вязуць на продаж у Расію. Бывалі выпадкі, калі гараджане самі знаходзілі свае байкі ў інтэрнэце ў раздзеле «Прадаю». Крадзены тавар вязуць і на рынкі. Ніякіх дакументаў пры куплі, зразумела, няма. Адгаворка адна — страціў. А між тым менавіта гэтыя дакументы — гарантыя бяспекі. У іх паказаны серыйны заводскі нумар транспартнага сродку. Па гэтай маркіроўцы можна прабіць легальнасць байка.
Канстанцін Блажэй даў рэкамендацыі, як не нарвацца на крадзены тавар: