Людміла Глухатарэнка з вёскі Санюкі атрымала падзяку ад кіраўніцтва інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра па пытаннях доступу да генетычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстання выгад.
Гэтай узнагароды Людміла Глухатарэнка ўдастоена за захаванне мясцовых ведаў аб раслінах, што мае вялікае значэнне для развіцця і ўмацавання традыцыйнай культуры беларусаў.
Наша зямлячка актыўна супрацоўнічае з Інстытутам генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, збіраючы матэрыялы пра раслінны свет ельскай зямлі і ўдзельнічаючы ў семінарах. Так, 25 сакавіка 2019 года Людміла Фёдараўна выступала на семінары, які прайшоў у Мінску і быў прысвечаны тэме «Чалавек і прырода: мясцовыя веды аб раслінах у традыцыйнай культуры беларусаў». Арганізатарам форуму выступілі Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ПРААН-ГЭФ «Узмацненне людскіх рэсурсаў, прававых сістэм і інстытуцыйнага патэнцыялу для рэалізацыі Нагойскага пратакола ў Рэспубліцы Беларусь» пры ўдзеле Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
На мерапрыемстве былі прадстаўлены выступленні практыкуючых траўніц з розных рэгіёнаў Беларусі. З навукоўцамі, фалькларыстамі, генетыкамі, юрыстамі і носьбітамі традыцыйных ведаў, звязаных з генетычнымі рэсурсамі, сваім вопытам і назіраннямі за раслінным светам Ельшчыны падзялілася Людміла Глухатарэнка.
Падзяку ад кіраўніцтва інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра па пытаннях доступу да генетычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстання выгад Людміла Глухатарэнка ўспрымае як стымул для далейшага супрацоўніцтва і далейшага даследавання сваёй малой радзімы.