Святочная праграма, прысвечаная Міжнароднаму Дню жанчын, з аншлагам прайшла ў Добрынскім культурна-спартыўным цэнтры.
Першыя вясновыя дні заўсёды напоўнены каханнем, прыгажосцю, усмешкамі і кветкамі. І гэта нездарма. У гэтыя дні мы адзначаем не толькі наступленне вясны, але і Міжнародны дзень 8 Сакавіка. Пад уздзеяннем магічных прызнанняў у каханні і падарункаў жанчыны становяцца яшчэ прыгажэй і абаяльней. Бо ўся ўвага ў гэтыя дні прыкавана да іх, нашых мілых і далікатных матуль, бабуль, дачок, жонак і сябровак.
Прыгожы і рамантычны падарунак паднеслі працаўнікі Добрынскага КСЦ у гонар 8 Сакавіка ўсім жанчынам аграгарадка і гасцей, падрыхтаваўшы святочную канцэртную праграму “Мільён усмешак на 8 Сакавіка”. Дзясяткі вакальных і харэаграфічных нумароў, якія з любоўю дарылі Васіль Музычэнка, Валерый Сарокін, Ірына Анішчанка, Таццяна Сігаеўская, Аляксандр Сатнічэнка, жаночы ансамбль “Дабрыначка”, а таксама выхаванцы Дабрынскай сярэдняй школы і дзіцячага яслей-сада было вынесена на суд гледачоў. На працягу ўсяго мерапрыемства вядучыя Уладзімір Васілеўскі і Васіль Сакула спрабавалі разабрацца, што ж трэба жанчыне для шчасця. Прасочваючы ролю жанчыны ў нашым жыцці, мужчыны прыйшлі да высновы, што “слабой палове чалавецтва” трэба пабольш кахання і ўвагі. І тады не будзе перапаўняцца кубак цярпення, і не будуць разбівацца сэрцы. Толькі дзякуючы ўзаемнаму каханню і цярпенню пераадольваюцца ўсе праблемы, вырашаюцца спрэчныя пытанні і, як вясновыя кветкі, расквітаюць нашы жанчыны.
Кожны ўдзельнік святочнага канцэрта разам з квітком атрымаў салодкі прыз, акрамя таго стаў удзельнікам латарэі. Вясновы канцэрт завершаны, а выдатны настрой яшчэ доўга будзе ва ўсіх гасцей святочнай сустрэчы.