Комплексныя прыёмныя пункты ў глыбінцы дапамагаюць вяскоўцам пазбавіцца ад многіх клопатаў. Тут можна набыць пасцельную бялізну, пастрыгчыся, здаць абутак у рамонт, а падушку – у чыстку.
Комплексны прыёмны пункт (КПП) у Засінцах знаходзіцца ў асобным будынку. Кожны вясковец сюды добра ведае дарогу. Канешне, як у ранейшыя часы, кліентаў цяпер не вельмі многа, у асноўным звяртаюцца, каб набыць нешта з тавараў першай неабходнасці, посуд, пасцельную бялізну, рытуальныя рэчы, а таксама каб пастрыгчыся. Асабліва шматлюдна бывае ў апошнім выпадку.
– Раз у два месяцы з райцэнтра да нас прыязджае парыкмахер, – расказвае касір-прыёмшчык комплексна-прыёмнага пункта Алена Хамец. – Напярэдадні мы абвяшчаем людзей, развешваем аб’явы аб яго прыездзе. І ў запланаваны дзень тут аншлаг, ледзь не выстройваецца чарга да спецыяліста па прыгажосці. Прыходзяць жанчыны, мужчыны, школьнікі. Майстар цэлы дзень абслугоўвае кліентаў.
Падобная абстаноўка і ў Валаўскім комплексна-прыёмным пункце. Парыкмахер Ельскага КБА бывае ў аграгарадку кожны апошні чацвер месяца.
– Людзі ўжо добра ведаюць, калі прыедзе спецыяліст, – тлумачыць касір-прыёмшчык Кацярына Мароз, – таму з раніцы прыходзяць займаць чаргу да яго. Каб не вельмі сумаваць у чаканні новай прычоскі, многія аплочваюць камунальныя паслугі ў аддзяленні сувязі, якое знаходзіцца ў гэтым жа будынку.
Наогул гэта даволі зручна: неабавязкова трэба ехаць у Ельск, каб, напрыклад, асвяжыць прычоску ці набыць новую: вопытныя майстры з Ельскага камбіната бытавога абслугоўвання зробяць гэта найлепшым чынам.