Тыдзень роднай мовы праходзіць у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па 23 лютага, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.
Ён прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. У час гэтага Тыдня ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі пройдзе шэраг мерапрыемстваў.
Сёння адбудзецца навукова-практычны семінар «Сусветная мовазнаўчая славістычная бібліяграфія ў інтэрнэце: прынцыпы функцыянавання і практычнае выкарыстанне ў навуковай дзейнасці», які прысвечаны аднаму з важнейшых складнікаў і інструментаў дзейнасці вучоных і журналістаў — навуковай інфармацыі. Удзельнікі атрымаюць рэкамендацыі па практычным выкарыстанні бібліяграфічнай базы iSybislaw і даведаюцца аб разнастайных пошукавых інструментах для эфектыўнай работы з бібліяграфічнай інфармацыяй. Савет маладых вучоных правядзе забаўляльна-адукацыйнае мерапрыемства «Мова-Quiz» для творчай моладзі НАН Беларусі. Удзельнікі гульні-віктарыны змогуць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, логіку, веданне беларускай мовы і культуры.
А 20 лютага ў Інстытуце мовазнаўства НАН пройдзе сустрэча вучоных-мовазнаўцаў з вучнямі гімназіі нумар 23 Мінска. У час сустрэчы будзе праведзена прэзентацыя «Гісторыя беларускага пісьменства». Таксама адбудзецца круглы стол «Беларуская мова і бізнес». На пасяджэнне запрошаны прадстаўнікі беларускіх фірм, кампаній, рэкламных агенцтваў, банкаў, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і інш.
У час міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуская мова ў сферы sacrum: гісторыя і сучаснасць», якая пачне работу 21 лютага, пройдзе прэзентацыя юбілейнага выдання «Псалтыра» ў перакладзе на сучасную беларускую мову, адбудзецца круглы стол «На якой мове звяртацца да Бога», прысвечаны праблемам прымянення рэлігійнай тэрміналогіі.
У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа правядуць сустрэчу на тэму «Па старонках «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», удзельнікі якой змогуць павучыцца чытаць старажытныя тэксты і паразважаць аб ролі слоўніка ў сучаснай культуры.
Міжнародны дзень роднай мовы — штогадовае свята, заснаванае ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Галоўная яго мэта — захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.-