Усяго ў калекцыі налічваецца каля 5 дзясяткаў вырабаў, звязаных кручком. Усе яны адрозніваюцца адзін ад аднаго ўзорамі, тэхнікай выканання. Кожны твор – гэта не проста ўпрыгажэнне, а сапраўдны маленькі твор мастацтва.
– Ініцыятарамі выстаўкі, – расказаў дырэктар Дабрынскага КСЦ Юрый Сарнаўскі, – сталі Улляна Адамаўна Котава і Валянціна Пятроўна Богач. Яны пачалі збіраць самыя цікавыя сурвэткі не толькі сучасныя, але і колішнія, зробленыя рукамі майстрых некалькі дзясяткаў гадоў назад. Зараз жыхары Дабрыня і навакольных вёсак працягваюць несці свае вырабы ў калекцыю.
Здавалася б, такі невялічкі выраб, а колькі працы і цярпення ўкладзена ў яго! Калі раней нашы бабулі, ствараючы ўтульную атмасферу дома, упрыгожвалі паліцы, скрыні, ложкі карункавымі сурвэткамі, то зараз прымяненне такіх сурвэтак сучаснымі майстрамі наогул за межамі ўяўлення.
Калекцыя сурвэтак «Мары павукоў» выстаўляецца работнікамі Дабрынскага КСЦ у час вялікіх святаў. Напрыклад, на Дзень вёскі, напярэдадні Міжнароднага жаночага дня, на раённых мерапрыемствах. Упэўнена, усе жадаючыя атрымаюць задавальненне ад наведвання выставы і, магчыма, зразумеюць, пра што ж мараць дабрынскія павукі.