У старшыні Качышчанскага сельскага Савета Наталлі Сіманян як прадстаўніка мясцовай улады клопатаў і работы вельмі многа. Значнае месца сярод іх займаюць пытанні добраўпарадкавання тэрыторый сельсавета.
У склад Качышчанскага сельсавета ўваходзіць 8 вёсак, у якіх пражывае больш за 670 чалавек. Асноўная частка насельніцтва сканцэнтравана ў аграгарадку Кочышчы. Тым не менш, у вёсках з невялікай колькасцю людзей, такіх, напрыклад, як Валаўская Рудня, Жукі, жыццё таксама актыўна ідзе. Таму клапаціцца пра дабрабыт вяскоўцаў трэба належным чынам, упэўнена старшыня сельсавета, незалежна ад таго, колькі чалавек жыве ў вёсцы: два ці дваццаць.
Сярод асноўных клопатаў мясцовай улады – навядзенне парадку на тэрыторыях, стварэнне прыгажосці. Асабліва востра паўстаюць пытанні, чым заняць вызваленыя ад зносу дамоў тэрыторыі, калі яны не прыдатныя для севазвароту. Але ў старшыні Качышчанскага сельскага Савета ідэй на гэты конт дастаткова.
Напрыклад, у вёсцы Жукі кожны, хто праязджае па трасе, можа ўбачыць прыгожы калодзеж, міма якога нельга праехаць, не спыніўшыся.
– У гэтым калодзежы, – падзялілася сакрэтам Наталля Уладзіміраўна, – самая чыстая вада ў вёсцы. Хату і гаспадарчыя пабудовы знеслі, а вось калодзеж застаўся. Мы яго добраўпарадкавалі, надалі прывабны выгляд – і, калі ласка, кожны жадаючы можа набраць тут сцюдзёнай чыстай вады. Жыхары Жукоў таксама з задавальненнем прыходзяць сюды па ваду. Часта, асабліва летам у спёку, спыняюцца фуры, лесавозы, легкавыя аўтамабілі, каб вадзіцелі маглі спатоліць смагу.
У Кочышчах, недалёка ад адміністратыўнага будынка ДП «Ельскае Палессе» і сельсавета, нядаўна быў знесены стары двухпавярховы дом. На яго месцы мясцовыя жыхары не далі расці пустазеллю, а летам зрабілі дзіцячую пляцоўку. Праўда, зараз яна яшчэ выглядае вельмі проста, але вясною, плануе Наталля Сіманян, яна будзе аснашчана ўсім неабходным для добрага адпачынку малых дзяцей і іх мам. Па яе словах, вяскоўцы самастойна збіраюць сродкі, каб набыць дзіцячую горку, а сельскі Савет дапаможа ім устанавіць дзіцячыя арэлі, разбіць футбольнае поле, паставіць агароджу вакол пляцоўкі. Дарэчы, матэрыял для агароджы будзе набыты ў бліжэйшы час.
У вёсцы Валаўская Рудня вызваленыя ад старых пабудоў тэрыторыі таксама не пустуюць.
– Так, ніяк нельга было пакінуць пустым месца ў цэнтры вёскі, – гаворыць Наталля Сіманян. – У кастрычніку, калі па ўсёй краіне праходзіла акцыя «Чысты лес», у Валаўскай Рудні сабраліся старшыні ўсіх сельскіх Саветаў дэпутатаў Ельшчыны, дэпутаты Качышчанскага сельскага Савета і пасадзілі цэлы парк: бярозкі, сосны, рабінкі, вішні. Усяго каля 7 дзясяткаў дрэўцаў. Няхай растуць дрэўцы і радуюць вока вяскоўцаў!
Да канца года, гаворыць Наталля Уладзіміраўна, плануюць упарадкаваць тэрыторыю каля крынічкі, недалёка ад вёскі Чэрцень. Кажуць, што ў той крынічцы, сапраўды, гаючая вада.