Калі сельсавет – памочнік

Общество

Тэрыторыя Рамязоўскага сельсавета пасля рэарганізацыі значна павялічылася. Цяпер ён аб’ядноўвае 9 населеных пунктаў, у якіх пражывае больш за тысячу чалавек.

Чым жыве мясцовае насельніцтва, з якімі праблемамі даводзіцца часцей сутыкацца, мы даведаліся ў старшыні мясцовага сельсавета Аляксандра Лявонава.
Год назад узначаліўшы сельсавет, Аляксандр Віктаравіч вызначыў для сябе і сваіх памочнікаў-дэпутатаў і старастаў населеных пунктаў кола задач першаснай важнасці. І галоўная з іх – гэта вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння жыхароў.

Звароты вяскоўцаў
– На пытанні, якія паступаюць у сельсавет, – адзначыў Аляксандр Лявонаў, – калектыў сельсавета імкнецца, наколькі гэта магчыма, аператыўна рэагаваць і знаходзіць шляхі вырашэння. Таму што ў рабоце з людзьмі няма другарадных задач.
Па словах старшыні сельсавета, большасць пытанняў носіць сезонны характар. Так, вясной і летам актуальным становіцца абкошванне тэрыторый, восенню сельскіх жыхароў часта непакоіць стан дарог, калі ад дажджоў па дарогах з выбоінамі складана рухацца. Зімой, у моцныя снегапады, актуальным становіцца ачыстка ад снегу дарог і вуліц. Усе пытанні ў сельсавеце імкнуцца своечасова вырашаць з адпаведнымі службамі. А звароты, якія тычацца пытанняў асабістага камфорту вяскоўцаў, здымаюцца ў час сельскіх сходаў і асабістых штодзённых сустрэч старшыні з людзьмі.

Бяспека
На асаблівым кантролі ў сельсавеце знаходзяцца дамы, у якіх жывуць адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя людзі, інваліды, шматдзетныя сем’і, а таксама вяскоўцы, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Гэтыя людзі, на думку старшыні, найбольш часта могуць апынуцца ў надзвычайнай сітуацыі. За імі патрэбен асаблівы кантроль. Іх нельга пакідаць адзін на адзін са сваімі праблемамі. І сельсавет не пакідае.
– Штотыдзень з прадстаўнікамі адказных служб у складзе назіральнай камісіі, – гаворыць Аляксандр Віктаравіч, – наведваем 10–15 домаўладанняў, дзе жывуць адзінокія пажылыя людзі ці шматдзетныя сем’і, звяртаем увагу на ўсе нюансы, якія могуць прывесці да бяды, дапамагаем вырашыць праблемы. Вось толькі калі б людзі самі больш клапаціліся пра сваё жыллё, лягчэй было б працаваць і мясцовым органам улады.

Добраўпарадкаванне
– Заўсёды актуальная праца па навядзенні парадку на зямлі, – падкрэслівае Аляксандр Лявонаў. – І няважна, маленькая вёсачка перад табой або аграгарадок.
І трэба прызнаць: ад усёвідушчага вока старшыні сельсавета нічога не хаваецца. Няма такога кутка, куды б ён ні зазірнуў і па-гаспадарску не вызначыў, дзе што трэба зрабіць у першую чаргу. Асабліва шмат сіл, ды і сродкаў, у гэтым годзе спатрэбілася для падкоскі. Надвор’е спрыяла росту травы і пустазелля, вось і давялося акультурваць усе ўчасткі па чарзе практычна штомесяц.
Сёлета ў некаторых вёсках была ўстаноўлена новая агароджа на вуліцах. Так, у Дзвіжках новы жалезабетонны плот з’явіўся на вуліцы 9 Мая. Усяго на тэрыторыі сельсавета было ўстаноўлена 870 метраў новай агароджы сельсаветам і 1150 метраў насельніцтвам вёсак.
За гэты год у Рамязоўскім сельсавеце з’явілася мноства малых архітэктруных формаў. Для маленькіх рамязоўцаў адкрылася дзіцячая пляцоўка.
Вялікая ўвага надаецца зносу пустуючых домаўладанняў. Гэтая праблема актуальная для ўсіх населеных пунктаў. Усяго за гэты год знесена 13 старых дамоў.
– У цэлым хочацца адзначыць: і мясцовыя жыхары, і дачнікі ў асноўным актыўна працуюць па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні падворкаў, прылеглай да іх тэрыторыі, – адзначае старшыня. – Радуецца вока, калі бачыш, як нават старыя дамы становяцца дагледжанымі і акультуранымі.

Культурнае жыццё
Не хлебам адзіным, як гаворыцца, жывы чалавек. Вось і ў Рамязоўскім сельсавеце знаходзяцца месца і час для святаў. Сёлета прайшлі святы вёсак у Вішаньках, Шарыне, Дзвіжках, Багуцічах і інш. На святочных мерапрыемствах ушаноўваліся доўгажыхары і самыя маленькія жыхары вёсак, лепшыя гаспадары падворкаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *