Падведзены вынікі фотаконкурса “Вышыванка – візітоўка беларусаў”, аб’яўленага рэдакцыяй газеты “Народны голас” у пачатку года.
На конкурс было прадстаўлена каля двух дзясяткаў фотаздымкаў нашых чытачоў рознага ўзросту. Усе ўдзельнікі былі апрануты ў нацыянальныя строі, вышытыя ўласнымі рукамі ці рукамі матуль і бабуль. Складана было вызначыцца з лепшымі, тым не менш, згодна з рашэннем рэдакцыйнага журы пераможцай прызнана жыхарка вёскі Засінцы Ніна Худобенка.Ніна Іванаўна – вялікі аматар вышыўкі крыжыкам, як і ўсе жанчыны ў яе родзе. Вышыванкі сталі неад’емнай часткай жыцця жанчыны. Вышытае адзенне, ручнікі, іконы, карціны – усё гэта зроблена на высокім майстэрскім узроўні.
Нядаўна супрацоўнікі раённай газеты павіншавалі Ніну Іванаўну Худобенка з перамогай у фотаконкурсе і пажадалі творчага натхнення, здароўя і даўгалецця.