Што чытаюць сельскія жыхары Ельскага раёна?

История газеты Новости Ельщины

Нашы продкі ў доўгія зімовыя вечары бавілі час за працай.

Жанчыны пралі кудзелю, сучылі ніткі, фарбавалі іх, ткалі, займаліся вышываннем, рыхтавалі ежу, прыглядалі за дзецьмі і хатняй гаспадаркай. Мужчыны рыхтаваліся да вясны, былі шаўцамі і краўцамі, уручную выраблялі прылады працы, інструмент, нарыхтоўвалі лес, прыглядалі за хатняй жыўнасцю… Спраў было шмат, усіх і не пералічыш.
У сучасным свеце многія хатнія справы выконвае разумная тэхніка, практычна кожны чалавек цяпер адукаваны. Не трэба прасці-ткаць, не ўсе абцяжараны і хатняй гаспадаркай. Здаецца, з’явілася многа часу для духоўнага развіцця. Але, на жаль, наша рэчаіснасць даказвае, адваротнае: віртуальнае сяброўства замяніла сустрэчы і размовы ўжывую, інтэрнэт прыйшоў на змену газетам і кнігам…
Тым не менш, у тым, што кніга будзе доўга жыць, нягледзячы на абвіванне сусветнай павуцінай нашых думак і мозгу, упэўнена і бібліятэкарка Дзвіжкаўскай сельскай бібліятэкі Вольга Цімошчанка. Працуючы ў царстве кніг чацвёрты год, Вольга не гаворыць, што колькасць наведвальнікаў бібліятэкі зменшылася. Штодзень сюды заглядвае да дзесяці чалавек.
– Пасля ўрокаў школьнікі прыходзяць, каб знайсці патрэбную літаратуру, падрыхтаваць рэферат, – расказвае Вольга Цімошчанка. – Пад вечар і старэйшыя людзі заходзяць, каб перыёдыку пачытаць, кніжкі ўзяць. Так, не губляюць інтарэсу да дэтэктываў мужчыны, а да жаночых раманаў – жанчыны.
Тое, што фонд сельскай бібліятэкі багаты, даказваюць шчыльна ўстаўленыя кнігамі паліцы і стосы часопісаў і газет. Апошніх, дарэчы, больш дзясятка кожнага. Таму кожны наведвальнік можа знайсці што-небудзь па душы. Неабавязкова і выпісваць усе перыядычныя выданні на дом, тым больш што кошт іх часам «кусаецца».
А вось некаторыя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі многія дзвіжкаўцы жадаюць атрымліваць дадому, каб не спяшаючыся, спакойна і ўдумліва прачытаць іх. Сярод такіх – раённая газета «Народны голас», упэўнівае начальнік аддзялення паштовай сувязі ў Дзвіжках Таццяна Вяргейчык.
– Напрыклад, у студзені ў Дзвіжкі прыходзіла 67 экзэмпляраў «раёнкі», – з гонарам гаворыць Таццяна Васільеўна. – Выпісваюць людзі і іншыя выданні: «Беларусь сёння», «Гомельскую праўду», часопісы «Гаспадыня» і інш.
Вельмі прыемна, што ў душы вяскоўцаў сваё адметнае месца займаюць і кніга, і газета, у тым ліку і раённая. Яны не толькі яе чытачы, але і героі публікацый, розных падзей, а часам – і аўтары. Таму няма ніякага перабольшвання ў тым, калі гаворыцца, што газету мы ствараем разам з чытачом, уважлівым да кніжнага газетнага слова.

Фото носит иллюстрационный характер
Фото носит иллюстрационный характер


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *