Паўгода служыць на пагранічнай заставе Падгалле на пасадзе намесніка начальніка пагранзаставы лейтэнант Захар Лівіцін.
Як закінуў лёс маладога мінчаніна ў палескую глыбінку, расказаў нам сам малады ваенны:
– У ваенную службу я прыйшоў не адразу. Спачатку вучыўся ў Мінскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы па спецыяльнасці «фатограф-рэтушор». Вучыцца падабалася, але душа не ляжала да гэтай справы. Паўсталі адвечныя пытанні: чым займацца далей? Што рабіць? Кім быць? Але ж, як кажуць, ад лёсу не схаваешся. Лёсам наканавана было стаць ваенным. Усе мае родзічы па бацькоўскай лініі таксама былі ваеннымі. Бацька і дзед служылі ў артылерыі, прадзед у пяхоце. Мяне ж вабіла служба ў пагранічных войсках…
Жаданне стаць пагранічнікам і ахоўваць рубяжы радзімы прывяло Захара Лівіціна ў Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, пасля заканчэння якога малады ваенны быў накіраваны служыць на Ельшчыну, на мяжу з Украінай. У час стажыровак на працягу вучобы Захар Лівіцін пабываў практычна ва ўсіх прыгранічных рэгіёнах краіны. Таму можа параўнаць не толькі службу ў розных мясцовасцях, але каларыт і адметнасць кожнага рэгіёна, асаблівасці жыцця і традыцый мясцовага насельніцтва.
– Калі гаварыць пра характар людзей у розных кутках Беларусі, – адзначыў малады лейтэнант, – то ўсюды ён адрозніваецца. Напрыклад, на Гродзеншчыне і на Брэстчыне людзі вельмі стрыманыя, а тут, на Гомельшчыне, – адкрытыя і душэўныя. З мясцовым насельніцтвам лёгка можна знайсці паразуменне. Яны вельмі ўважліва і пільна ставяцца да таго, што адбываецца навокал. Заўсёды паведамляюць пра незнаёмцаў і падазроных асоб, якіх сустракаюць у вёсцы.
Наогул жыццё ў Падгаллі і служба на пагранзаставе задавальняюць маладога вайскоўца. Захар Лівіцін жыве ў асобным доме, куды ўлетку павінна прыехаць і жонка Аляксандра, якая зараз набывае адукацыю педагога-псіхолага ў Мінску.