Больш чым паўгода працуе майстрам энергетычнага ўчастка на Ельскім кансервавым заводзе малады спецыяліст Павел Серы.
Скончыўшы Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, у сакавіку мінулага года хлопец па размеркаванні трапіў на завод. Праўда, гэта не здзівіла хлопца. Па-першае, Павел – ельчанін, па-другое – першыя навыкі працы на гэтым прадпрыемстве ён ужо атрымаў чатыры гады назад, калі пасля заканчэння сярэдне-спецыяльнай установы праходзіў практыку электраманцёрам.
Зараз Павел Мікалаевіч, як паважліва называюць маладога спецыяліста на заводзе, кіруе энергетычным участкам і цеплавой гаспадаркай прадпрыемства, адказвае за тэхніку бяспекі і ахову працы работнікаў. У падпарадкаванні хлопца знаходзіцца некалькі чалавек, якія таксама прызнаюць прафесіяналізм свайго маладога шэфа.
– Атрымаўшы размеркаванне на завод, я абрадаваўся, – прызнаецца Павел Серы, – таму што ведаў у цэлым, якія задачы мяне там чакаюць. Старэйшыя калегі і кіраўніцтва прадпрыемства заўсёды пры неабходнасці прыходзяць мне на дапамогу ў складаных ці праблемных сітуацыях, заўсёды гатовы дапамагчы словам і справай. Працаваць на заводзе мне вельмі цікава, таму ў бліжэйшых планах збіраюся тут і застацца.