Напярэдадні Дня пажарнай службы быў уручаны нагрудны знак «За прапаганду бяспекі жыццядзейнасці» загадчыцы ясляў-сада № 1 г. Ельска Аксане Купрыенка.
Нагрудны знак Аксане Анатольеўне ўручыў Міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка (на здымку).
– Гэта ўзнагарода не толькі мая, – прызнаецца Аксана, – але і ўсяго калектыву ясляў-сада, дзяцей і іх бацькоў, а таксама кіраўніцтва і работнікаў Ельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія дапамагалі нам у рабоце па прафілактыцы бяспекі жыццядзейнасці. Больш глыбока ў гэтым накірунку мы працуем амаль два гады. А пачалося ўсё з рэспубліканскага семінара, які праходзіў у горадзе Магілёве ў 2015 годзе. Мы пераканаліся, што і ў нашым дзіцячым садку ёсць нядрэнная база, што дзеці назапасілі шмат ведаў па гэтай тэме. І работа закіпела…
Да гэтай узнагароды мы ішлі дынамічна: адна перамога, другая, трэцяя… Па выніках работы ў гэтым накірунку ў нас першае месца ў Гомельскай вобласці, першае месца і Гран-пры ў рэспубліцы.
Гэта ўзнагарода для нас з’явілася прыемнай нечаканасцю і ўпэўніла нас у тым, што мы на правільным шляху ў барацьбе за бяспеку жыццядзейнасці нашага падрастаючага пакалення.