З прыходам лета ў аграгарадку Зашыр’е Ельскага раёна пачалі працаваць фантаны.
Па словах Рыгора Бабчанка, дырэктара КСУП “Саўгас “Камуніст”, по ўсяму аграгарадку размешчана дзесяць фантанаў. Узводзілі іх працаўнікі сельгаспрадпрыемства, стараючыся для кожнага стварыць сваю форму, надаць свой асаблівы каларыт. І атрымалася, што кожны фантан па-свойму прыгожы.
Фантан на механічным двары лагодзіць сваім ціхім спевам трактарыстаў, шафёраў, слесараў і камбайнёраў. Фантан у доме жывёлаводаў збірае каля сябе жанчын і натхняе іх на працу. Гледзячы на імклівае цячэнне вады ў фантане, некаторыя дарослыя задумваюцца аб такім жа імклівым цячэнні жыцця, а некаторыя лечаць такім чынам свой зрок.
Фантаны ў цэнтры аграгарадка, у дзяцячым садку, у студэнтскім парку, каля горада майстроў…
Каля фантанаў у спякоту любяць бавіць час дзеці. Некаторыя з іх, нават акунаюцца пад струменьчыкамі вады, каб адчуць прахалоду.
Жыхары аграгарадка Зашар’е з гонарам расказваюць аб сваіх фантанах, прыводзяць да іх гасцей, каб разам палюбавацца імі. Шкада толькі, што ў горадзе Ельску няма ніводнага фантана, акрамя таго, што размешчаны на тэрыторыі школы-інтэрнат.