Прадстаўнікі Ельшчыны прынялі актыўны ўдзел у Дні беларускага пісьменства ў Рагачове. Так, на Газетным бульвары, які ўпершыню быў адкрыты на свяце пісьменства ў рамках выстаўкі рэгіянальных СМІ, працавала пляцоўка раённай газеты “Народны голас”. Так, журналісты “раёнкі” з дапамогай супрацоўнікаў Ельскага краязнаўчага музея аформілі цікавую рэтра-выставу “Раённая газета ў 30-40-я гады”. Асаблівай папулярнасцю карысталася рабочае месца журналіста тых гадоў. Многія фатаграфаваліся на памяць за друкавальнай машынкай. Непаўторны каларыт рабоце пляцоўкі надаў ваенны журналіст з газеты “Калгаснае жыццё” (адна з ранейшых назваў “Народнага голасу”), якому не было роўных ні ў жартах, ні ў знаходлівасці, ні нават у танцах сярод прадстаўнікоў суседніх “раёнак”.
Таксама на свяце пісьменства былі адзначаны і аматары беларускага слова Ельскага краю. Так, вучань Ельскай раённай гімназіі Антон Пятроўскі ўдзельнічаў у конкурсе юных чытальнікаў Гомельшчыны “Жывая класіка” і атрымаў Дыплом пераможцы і аўтограф на памяць ад беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага. А літаратурную прэмію імя М. Гамолкі атрымаў наш зямляк, самабытны паэт Рыгор Бабчанок.
Святочную атмасферу ў Дні беларускага пісьменства дапамагалі стварыць святочныя выставы майстроў Гомельшчыны. Не засталіся ўбаку і ельчане. Так, у Рагачове працавалі выстава “Ельскі фартушок” і выстава вырабаў Ельскага цэнтра рамёстваў.
Безумоўна, свята атрымалася. Яно падарыла ўсім, хто неабыякавы да роднага беларускага слова безліч радасці, задавальнення і незабывальных момантаў. У наступным годзе эстафету свята прыме Полацк. 2017 год стане юбілейным для нацыянальнага кнігадрукавання, якому ўжо налічваецца 500 гадоў. А які ж горад, як не радзіма Францыска Скарыны, павінен стаць цэнтрам урачыстасцяў у гонар слова і роднай мовы?!
Ганна Гаўрылава