Выбарчы ўчастак № 1 размясціўся ў Ельскім гарадскім Доме культуры «Колас». Асноўнае галасаванне пройдзе тут, як і па ўсёй краіне, 11 верасня ў вялікай зале, а датэрміновае – у адным з адміністрацыйных пакояў.
Ужо сёння на выбарчым участку можна азнаёміцца з дакументамі, у адпаведнасці з якімі будуць праходзіць выбары у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
– У нас на выбарчым участку можна азнаёміцца і з біяграфіямі кандыдатаў у дэпутаты, – адзначае Тамара Созінава (на здымку), старшыня камісіі выбарчага ўчастка № 1 г. Ельска. – Па Палескай выбарчай акрузе № 43 вылучана 4 кандыдаты ў дэпутаты. Такім чынам, на адно месца ў парламенце прэтэндуюць чатыры кандыдаты.
З 26 жніўня бягучага года на выбарчым участку пачнуць дзяжурыць члены камісіі.
– Кожны выбаршчык зможа азнаёміцца са спіскамі, удакладніць, ці ёсць ён у адпаведным спіску на дадзеным выбарчым участку, – тлумачыць Аляксандр Кульчыцкі, член камісіі выбарчага ўчастка № 1 г. Ельска. – Акрамя таго, на інфармацыйных стэндах можна азнаёміцца з заканадаўчымі дакументамі, напрыклад, з канстытуцыяй і выбарчым кодэксам, атрымаць неабходную кансультацыю ад членаў камісіі.
Нагадаем, што датэрміновае галасаванне пачнецца 6 верасня, а асноўны дзень выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – 11 верасня 2016 года.
Таццяна ПЕТРУХНО