ІХ рэгіянальны фестываль гарманістаў «Грай, гармонік!» пройдзе ў Ельску 30 і 31 ліпеня.
Праграма фестывалю будзе насычанай і багатай, адзначылі арганізатары свята. Яна ўключыць у сябе знаёмства замежных творчых дэлегацый з культурнай спадчынай Ельскага раёна, майстар-класы ад народнага гарманіста Расіі Ігара Шыпкова, творчыя сустрэчы «Гармонік – гэта добры настрой», канцэрт-прэзентацыю замежных творчых калектываў, конкурсныя праслухоўванні і інш. У час свята будуць працаваць горад майстроў і сельскія падворкі «Ельшчына хлебасольная», гульнявыя пляцоўкі, атракцыёны, гандлёвыя кропкі.
Па словах арганізатараў свята, зараз актыўна паступаюць шматлікія заяўкі на ўдзел у фестывалі ад гарманістаў і частушачнікаў не толькі Гомельшчыны, але і суседніх абласцей.
Упэўнены, Ельск хлебасольна прыме ўсіх, хто хоча паказаць свой талент гарманістаў і частушачнікаў. Ну а ўдзячныя гледачы радушна і шчыра будуць сустракаць удзельнікаў фестывалю «Грай, гармонік!»
Ганна Гаўрылава